Міліцыя не прапускае лісты Яўгена Васьковіча да сваякоў

05 снежня 2011 10:55  |  Палітыка

Палітвязень, сябар БХД Яўген Васьковіч даслаў з крытай турмы № 4 горада Магілёва ліст да сваёй бабулі Тамары Уладзіміраўны.

 

У ім ён адзначае, што атрымлівае ад яе лісты са спазненнем у два тыдні. Ён паведаміў, што напісаў адказы на ўсе чатыры атрыманыя ад яе лісты, але толькі некаторыя з іх дайшлі да адрасата.

 

У сваім лісце Яўген Васьковіч напісаў, што 12 кастрычніка яго асудзілі да трох гадоў турмы, пасля чаго 14 кастрычніка перавялі ў камеру, дзе да яго ўсе паставіліся добра. Палітвязень адзначыў, што не ведае, ці дайшлі да яго грошы, якая дасылала бабуля.

 

У сувязі з тым, што на год яму дазволена толькі адно спатканне і і адна бандэроль на два кілаграмы, ён папрасіў, каб бабуля і маці дамовіліся між сабой, калі прыедуць да яго ў турму.

 

Сябар БХД паведаміў, што ў яго ўсё добра. “Адзін дзень падобны да другога. Кожны дзень усё аднолькава”, – піша ён.

 

Нагадаем, Васьковіча затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Яго абвінавацілі ў нападзе на будынак КДБ у Бабруйску, які адбыўся ў ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году. У будынак КДБ кінулі дзве бутэлькі з «кактэйлем Молатава». У нападзе ніхто не пацярпеў, а рэальныя страты склалі 253 тысячы рублёў, якія былі кампенсаваныя.

Яўгена Васьковіча і двух прыхільнікаў ідэяў анархізму Арцёма Пракапенку і Паўла Сырамалотава асудзілі на сем гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму. Бабруйскі суд прызнаў іх вінаватымі ў злосным хуліганстве і ў наўмысным нанясенні шкоды ў асабліва буйных памерах.

Пракапенка і Сырамалотаў віну прызналі і раскаяліся. Васьковіч прызнаў факт нападу, але не пакаяўся. У сваім апошім слове хлопец назваў сябе ліцвінам і дадаў, што яго святы абавязак — бараніць нацыянальныя беларускія каштоўнасці: “За іх я ўмерці гатовы, бо жыццё кароткае, а радзіма вечная”. Скончыў Васьковіч свой кароткі выступ воклічам: “Жыве Беларусь!”.

Да пераводу ў турму № 4 Васьковіч адбываў пакаранне ў магілёўскай калёніі № 15. Вызвалены з гэтай калёніі палітвязень Аляксандар Маўчанаў паведаміў, што Яўген Васьковіч не падпарадкоўваецца загадам адміністрацыі калёніі, за што рэгулярна трапляе ў штрафны ізалятар.

Хаця хрысціянскія дэмакраты не падтрымліваюць такіх метадаў супраціву, наш абавязак – маліцца за Яўгена, дапамагаць яму і ягоным родным дзеля таго, каб малады хлопец мог зразумець: “не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром” (Рым., 12:21). БХД заклікае дасылаць палітвязню лісты са словамі з Пісання. Лісты падтрымкі неабходна пісаць на адрэсу: турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.

Болей навін