Віталь Рымашэўскі: знак таго, што Расію чакаюць змены
“Вельмі добры знак – што “Адзіная Расія” не набрала нават 50 адсоткаў галасоў нават з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу, які ў Расіі выкарыстоўваецца вельмі актыўн”, – менавіта так ацаніў выбары ў расійскую Дзярждуму сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. “Гэта знак таго, што Расію чакаюць перамены”.
«Думскія выбары паказалі, што расіяне вельмі незадаволеныя расійскім кіраўніцтвам, нягледзячы на запэўніванні афіцыйнай прапаганды. Пуцін, Мядзведзеў вельмі актыўна агітавалі за партыю ўлады – «Адзіную Расію», але не набралі нават паловы галасоў. А рэальныя вынікі выбараў могуць быць яшчэ горш для ўлады», – кажа сустаршыня БХД.
«У Расіі з’явілася перспектыва, з’явіўся шанец на перамены. Яны не будуць хуткімі, але шанец з’явіўся», – падкрэсліў В. Рымашэўскі ў інтэрв’ю “Беларускаму партызану”.
Што датычыцца прагнозаў на беларуска-расійскія адносіны, то палітык не прадбачыць змяненняў у знешняй палітыцы Расіі:
– Ніякіх змяненняў у знешняй палітыцы не адбудзецца. Знешняя палітыка застанецца ранейшай. На прэзідэнцкіх выбарах, можна казаць, ужо перамог Пуцін, які разам з Мядзведзевым, «Адзінай Расіяй» і алігархамі і будуць вызначаць знешнюю палітыку. Таму трэба чакаць далейшага ўзмацнення ціску на Беларусь з мэтай пазбавіць яе эканамічнага і палітычнага суверэнітэту, – лічыць Віталь Рымашэўскі.