Таццяна Севярынец аштрафаваная на 25 базавых за Народны сход (Відэа)

06 снежня 2011 23:49  |  Палітыка

– Для нашай дзяржавы, якая зараз пакутуе ад крызісу, штрафы апазіцыйных дзеячоў – самы надзейны сродак папаўнення дзяржбюджэту, – так віцебская абласная каардынатарка БХД Таццяна Севярынец пракаментавала прэс-службе БХД свой прысуд за правядзенне Народнага сходу ў Віцебску, вынесены ёй 6 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёна горада Віцебска.

Суддзя Іна Грабоўская прысудзіла Таццяне Севярынец штраф у памеры 25 базавых велічыняў (875 тысячаў рублёў) за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі паводле артыкулу 23.34, а яе паплечціны па правядзенні Народнага Сходу Ірыне Яскевіч – 22 базавых.

– Мне 25 базавых, як злоснаму парушальніку, бо цягам года гэта мая другая адміністратыўка, а Ірыне – толькі 22, – распавяла Таццяна Яўгенаўна. – Мы доўга спрабавалі давесці суддзі, што ўсё было ў межах закона, прад’явілі пратакол сходу, спісы жыхароў дома, у двары якога праводзіўся сход, аддалі ўсе адказы Мінюсту, Міністэрства працы, МВД, віцебскага гарвыканкаму ды іншых установаў, куды дасылалася рэзалюцыя сходу. Але Грабоўская была падрыхтаваная да ўсяго. Гэта быў такі судовы спектакль.

Таццяна Севярынец і Ірына Яскевіч у якасці сведак запрашалі на судовае паседжанне мэра Віцебска Віктара Мікалайкіна, віцебскага пракурора і супрацоўнікаў міліцыі, што прысутнічалі на Народным сходзе 8 кастрычніка ў Віцебску. Але яны не з’явіліся, паведамляе Таццяна Севярынец:

– Прыйшоў толькі адзін міліцыянцік, які сам прагаварыўся, што быў менавіта сход жыхароў дома. Таксама глядзелі ў судзе аператыўнае відэа, прычым нарэзанае, не было момантаў, дзе людзі галасавалі, але мы прад’явілі фота. Было смешна, што на тых відэа бачна было, як міліцыянты адзін аднога здымалі. Вядома, мы заявілі шмат пратэстаў, але ўсе іх суддзя адхіліла, некаторыя ажно па 5 разоў.

 

Падчас пасяджэння суддзя Іна Грабоўская выдаліла з залі праваабаронцу Паўла Левінава, які пратэставаў супраць спробаў суда заблытаць сведак.

Апазацыянеркі збіраюцца абскарджваць гэты прысуд у судзе вышэйшай інстанцыі.

 

Відэа Радыё “Свабода”

 

 

Болей навін