Георгі Дзмітрук: у крызіс Лукашэнка асабіста ўратаваў беларускія казіно
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Георгі Дзмітрук лічыць, што ў эканамічны крызіс Аляксандр Лукашэнка сваімі дзеяннмі ўратаваў беларускія казіно.
Гаворачы пра сітуацыю з ігральным бізнэсам у Беларусі, Георгі Дзмітрук адзначыў, што пасля таго, як БХД у 2009 годзе ўзняла пытанне аб дзейнасці ў краіне казіно, становішча ў гэтай сферы трошкі змянілася ў лепшы бок. “Улады распачалі пазітыўныя дзеянні, дэкларавалі новыя заканадаўчыя акты. Так, напрыклад, указ № 595 ад 19 лістапада 2010 года рэгуляваў месцы ў якіх можна, а ў якіх нельга змяшчаць казіно, якой плошчы павінны быць памяшканні”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.
Разам з тым Георгі Дзмітрук паведаміў, што ўлады не ўлічылі прапановы хрысціянскіх дэмакратаў вынесці казіно за межы гарадоў ці жылых раёнаў. У Беларусі таксама, у адрозненні ад іншых краін, не прадугледжана лекаванне людзей, хворых на гульняманію. Пры гэтым у іншых дзяржавах на гэтыя мэты вылучаецца пэўная частка сродкаў, што ў выглядзе падаткаў паступае ад ігральнага бізнэсу. “У нас жа гэтая норма нават нідзе не прапісаная”, – адзначыў ён.
“Больш за тое, сваім указам Лукашэнка зафіксаваў у беларускіх рублях сумы абавязковых выплат казіно. Раней яны былі прывязаныя да курсу еўра. Так, калі дагэтуль у Менску за ігральны стол плацілі падаткаў на суму 3,5 тысячы еўра, дык зараз – 16 мільёнаў рублёў. Гэта значыць, што сума абавязковых выплат уладальнікаў казіно скарацілася за год у 2-3 разы! Такім чынам, Лукашэнка асабіста дапамог казіно выжыць. І рабілася гэта за месяц да выбараў, калі ўсе незалежныя эксперты казалі, што Беларусь знаходзіцца на мяжы крызіса”, – паведаміў Георгі Дзмітрук.
“Па меры пагаршэння крызісу, дапамога ігральным бізнесменам толькі ўзрастала. Паколькі за рублі ў казіно амаль ніхто не гуляе, толькі за валюту, то казіно нават здолелі значна выйграць на розніцы курсаў. Гэта значыць, што ўлады, якія двума рукамі загразлі ў ігральным бізнэсе, гатовыя ахвяраваць сваім насельніцтвам, але любымі сродкамі будуць абараняць казіно”, – падкрэсліў ён.
Разам з тым сустаршыня БХД адзначыў, што крызіс прывёў да скарачэння колькасці пунктаў па продажу латарэйных квіткоў. “У людзей стала меней грошаў, якія яны раней маглі прамарнаваць на латарэйныя квіткі”, – заявіў ён.
Георгі Дзмітрук таксама распавёў, што ў 2012-2013 гадах у беларускіх казіно скончваецца ліцэнзія. “Што будзе далей: ці ўвядуць улады нейкія папраўкі, абмежаванні для дзейнасці казіно – невядома”, – падкрэсліў палітык.