На З’ездзе БХД з канцэртам салідарнасці з палітвязнямі выступіць Лявон Вольскі

10 снежня 2011 21:04  |  Галоўныя навіны

З’ездз БХД адбудзецца 17 снежня ў Палацы культуры Менскага трактарнага заводу (вул. Даўгабродская, 24). Рэгістрацыя ўдзельнікаў З’езду пачнецца а 9:30. Сам З’езд распачнецца ў 10:30 і скончыцца а 19-й. У сярэдзіне дня прадугледжаны перапынак на абед. А ў 17:00 распачнецца дабрачынны канцэрт вядомага беларускага музыкі Лявона Вольскага, прысвечаны салідарнасці з палітвязнямі.

 

“Тэма палітвязняў вельмі важная і актуальная для Беларусі. Таму гэтым канцэртам мы б хацелі ў чарговы раз звярнуць увагу на праблему палітвязняў у Беларусі”, – адзначыў адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі.

 

Для ўдзелу ў З’ездзе БХД і ў дабрачынным канцэрце патрэбна будзе зарэгістравацца ў якасці госця перад пачаткам. Можна таксама зарэгістравацца загадзя па тэлефоне 8-029-167-34-35 (Velcom) ці праз мэйл [email protected] і атрымаць запрашэнне. Па гэтых жа кантактах можна даведацца, як стаць заснавальнікам БХД.

У З’ездзе БХД возьмуць удзел каля 100 дэлегатаў, лідары іншых беларускіх палітычных партыяў, грамадскіх арганізацый, рухаў, замежныя госці і журналісты. Акрамя заснавання БХД плянуецца разгледзець наступныя пытанні: выбары кіраўніцтва Партыі, удакладненне стратэгіі партыі, пашырэнне дзейнасці БХД як народнай Партыі, паглыбленне хрысціянскага духу ў Партыі, абмеркаванне палітычных кампаній  2012 году, а таксама пытанні ўдзелу ці не ўдзелу ў парламецкай выбарчай кампаніі, палітычнага і эканамічнага становішча ў Беларусі, вызвалення палітычных вязняў.

 

Болей навін