Напад вандалаў на праваслаўны скіт у Адрынках на Беласточчыне (фота)
Знішчаны крыж і купал уваходнай брамы, разбітыя вуллі, папсутая маёмасць – такі вынік нападу вандалаў на праваслаўны скіт у Адрынках, што на Падляшшы ў гміне Нарва.
Падчас нападу ванадалаў у скіце апрача айца Гаўрыіла былі таксама людзі з вёскі, але, як кажа Павал Казімірук, нічога не прадказвала бяды:
– Святло згасла, я падумаў, што нешта здарылася з праводкай. Узяў ліхтар, прыйшоў, гляджу кабель парваны. Сказаў бацюшке, ён кажа так, няма накрыўкі агрэгата. Мы нікога не бачылі, толькі чулі як там нешта ласкатала. Бацюшка сказаў, што гэта напэўна пчолы. Праз нейкі час прыехала паліцыя.
Жыхары Адрынак і Рыбакоў усталявалі дяжурствы, каб у скіце апрача айца Гаўрыіла заўсёды нехта быў. Таксама ўначы будуць вартаваць мужчыны. Айцец Гаўрыіл просіць людзей прыйсці ў суботу і ў нядзелю на набажэнства, падчас якога будзе малітва за “ўразуменне” нападнікаў.
Наталля Герасімюк, Радыё Рацыя.
* * *
“Прафанацыя сакрум,” – так назваў чарговую ўжо дэвастацыю праваслаўнага скіта ў Адрынках архімандрыт Гаўрыіл, стваральнік і будаўнік скіта, адзіны пастаянны жыхар гэтага месца.
Вандалізм, які меў месца ў скіце ў Адрынках – гэта надзвычайнае варварства ў наш час – так на інфармацыю аб апаганьванні праваслаўнага скіта адрэагаваў дэпутат польскага Сейма ад Падляшша з СЛД Яўген Чыквін. Дэпутат выказаў спадзяванне, што паліцыя раскрые гэтую справу. Проста не хапае словаў кажа Яўген Чыквін:
– Гэта месца не навідавоку, ды і сама асоба манаха Гаўрыіла, які дапамагае людзям… Калі гэта не якія-небудзь псіхічна хворыя людзі, то трэба прадпрымаць нешта сур’ёзнае. Калі гэта нейкі выраз тэндэнцыі антыхрысціянскасці, то гэта нейкая д’ябальшчына і людзі не ведаюць, што робяць.
Я асуджаю гэты акт вандалізму, так каментуе справу дэпутат польскага Сейма ад Падляшша з “Грамадзянскай платформы”Роберт Тышкевіч:
– Задача органаў правапарадку, як мага хутчэй выявіць і пакараць злачынцаў, бо такога кшталту здарэнні турбуюць грамадскасць і моцна ўплываюць на эмоцыі людзей, бо закранаюць іх рэлігійныя пачуцці. Такія акты вандалізму павінны расследвацца праваахоўнікамі з асаблівай пільнасцю.
Напад на скіт у Адрынках адбыўся напярэдадні. У выніку яго былі знішчаныя і пашкоджаныя будынкі комплексу. Паліцыя ў дадзены момант вядзе следства ў гэтай справе.
Зміцер Косцін Радыё Рацыя.
* * *
Гайнаўская паліцыя праводзіць следчыя дзеянні і забяспечвае ўсе сляды, якія пакінулі невядомыя злачынцы. Гаворыць прэсавы сакратар гайнаўскай паліцыі Ірэна Куптэль:
– Учора каля 18-й гадзіны дыжурнага паліцыі ў Гайнаўцы павядомілі аб знішчэнні маёмасці на тэрыторыя праваслаўнага скіта ў Адрынках. Паліцыянты, які прыбылі на месца здарэння, сцвердзілі што знішчаны праваслаўны крыж, які знаходзіўся на ўваходнай браме, 7 вулляў, быў адрэзаны провад для перадачы электраэнергіі да пямяшканняў, акрамя таго да рову спіхнуты невялікі трактар з прычэпай.
Адзіны жыхар скіта ў Адрынках айцец Гаўрыіл перакананы, што злачынцы былі тут невыпадкова:
– Я думаю, што ўсе гэтыя дзеянні наўмысныя і запланаваныя раней. Гайнаўская крымінальная паліцыя займаецца гэтай справай. Учора яны ў мяне 3 разы былі, пільнавалі мяне ўначы, за што я вельмі ўдзячны. Таксама я ўдзячны і народу, які жыве ў вёсцы Адрынкі, які мне дапамагае і ахоўвае мяне, бо так то не ведаю, што было б. Хачу папрасіць, каб на літургію заўтра на 9 гадзін і ў нядзелю на 10 гадзін прыелі людзі, каб прыехаў хто можа.
* * *
Архімандрыт Гаўрыіл:
– Ад 16-й да 19-й гадзіны вечара адбылася прафанацыя сакрум скіта ў Адрынках на Падляшшы. Спрафанавыаныя крыжы, купалы, пасека пчолаў, трактар і іншае. На працягу 3-х гадоў гэта сістэматычна адбываецца знішчэнне сядзібы аднаго гаспадара, які жыве ў скіце.
Акты вандалізму ў дачыненні да праваслаўнага скіта праводзіліся не адзін раз, як адзначае архімандрыт Гаўрыіл. Раней выбівалі вокны, нішчылі дзверы. Айцец Гаўрыіл лічыў гэта дробязямі і не хацеў даносіць у паліцыю. На месцы падзеі ля скіта ў Адрынках знаходзіцца наша карэспандэнтка Наталля Герасімюк:
– На месцы працуе экіпа крымінальнай паліцыі з Гайнаўкі, яны працавалі і ўчора ўвечары, сёння яны прыехалі зноў. Яны ездзяць, правяраюць, мераюць, даследуюць, фатаграфуюць. Гэта яны ўчора знайшлі крыж у кіламетры ад скіта, які быў сарваны з уваходнай брамы з купала.
Да другой гадзіны ночы людзі з Адрынак ратавалі пчолаў, таму што абухом сякеры былі знішчаныя ўсе вуллі. Пчолы, якія ляглі спаць на зіму, апынуліся ў складаных умовах, і людзі ратавалі іх, як маглі, каб захаваць гэтую пасеку. Людзі ўжо зноў прыехалі. Яны вартавалі скіт усю ноч. І маюць ужо графік дзяжурстваў, каб нехта ўвесь час быў у скіце. Людзі баяцца, што нехта мэтанакіравана хоча выгнаць, знішчыць, а магчыма, і забіць адзінага жыхара гэтага скіта.