Міліцыя цікавіцца ўмовамі аховы З’езду БХД

13 снежня 2011 14:36  |  Галоўныя навіны

Супрацоўнікі менскай міліцыі цікавяцца мерамі бяспекі на чацвёртым Устаноўчым з’ездзе Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, які пройдзе 17 снежня ў Палацы культуры Менскага трактарнага заводу.

 

Пра гэта 13 снежня паведаміў адказны сакратар аргкамітэту Дзяніс Садоўскі. Паводле яго словаў, інспектар распытваў, ці падрыхтавалася БХД для супрацьдзеяння нецвярозым і буйным людзям, як дэлегаты будуць дабірацца на З’езд.

 

“Хоць ён і сказаў, што міліцыя імкнецца забяспечыць бесперашкодны ўдзел дэлегатаў у З’ездзе, дадзеныя пытанні выклюкаюць засцярогу. У гэтай сувязі мы нададзім яшчэ большую ўвагу ахове мерапрыемства, каб выключыць любыя правакацыі”, – падкрэсліў Дзяніс Садоўскі.

 

Пры гэтым ён адзначыў, што падрыхтоўка да З’езду праходзіць у больш спакойных умовах у параўнанні з мінулымі гадамі. Паводле яго словаў, тэхнічная падрыхтоўка ўжо амаль завершаная, дэлегаты і госці гатовыя да ўдзелу ў З’ездзе. Адказны сакратар БХД паведаміў, што ў мерапрыемстве прымуць удзел таксама шматлікія госці з Аўстрыі, Расеі, Літвы, Вугоршчыны і іншых краін.

 

“Для Партыі БХД вялікае значэнне мае вызваленне палітвязняў. Таму мы вельмі ўдзячныя, што выбітны беларускі музыка Лявон Вольскі пагадзіўся выступіць на З’ездзе з дабрачынным канцэртам салідарнасці”, – адзначыў Дзяніс Садоўскі.

 

Нагадаем, што для ўдзелу ў З’ездзе БХД і ў дабрачынным канцэрце патрэбна будзе зарэгістравацца ў якасці госця перад пачаткам. Можна таксама зарэгістравацца загадзя па тэлефоне 8-029-167-34-35 (Velcom) ці праз мэйл [email protected] і атрымаць запрашэнне. Па гэтых жа кантактах можна даведацца, як стаць заснавальнікам БХД.

У З’ездзе БХД возьмуць удзел каля 100 дэлегатаў, лідары іншых беларускіх палітычных партыяў, грамадскіх арганізацый, рухаў, замежныя госці і журналісты. Акрамя заснавання БХД плянуецца разгледзець наступныя пытанні: выбары кіраўніцтва Партыі, удакладненне стратэгіі партыі, пашырэнне дзейнасці БХД як народнай Партыі, паглыбленне хрысціянскага духу ў Партыі, абмеркаванне палітычных кампаній  2012 году, а таксама пытанні ўдзелу ці не ўдзелу ў парламецкай выбарчай кампаніі, палітычнага і эканамічнага становішча ў Беларусі, вызвалення палітычных вязняў.

Болей навін