Севярынец: БХД павінна рыхтавацца да актыўнага байкоту выбараў

15 снежня 2011 08:42  |  Галоўныя навіны

Адзін з сустаршыняў аргкамітэта па стварэнні Партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец лічыць малаверагодным выкананне уладай патрабаванняў БХД, а таму лічыць, што партыя павінна ўжо сёння рыхтавацца да актыўнага байкоту маючых адбыцца выбараў у парламент. Пра гэта палітык заявіў у інтэрв’ю карэспандэнту сайта «Товарищ.online».
 
Калі не адбудзецца нічога ардынарнага, то 17 снежня ў 10.00 у Палацы культуры МТЗ пачнецца чацвёрты Устаноўчы З’езд Партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». На форум запрошаны іерархі і святары хрысціянскіх цэркваў, лідэры беларускай апазыцыі, кіраўнікі грамадскіх рухаў. З канцэртам у падтрымку палітвязняў выступіць Лявон Вольскі.
 
– Павел, якія галоўныя мэты пераследуе з’езд БХД?
 
– Для нас з’езд – гэта, у першую чаргу, магчымасць паўлегальнай дзейнасці БХД. Таму што, пакуль мы падаем дакументы ў Міністэрства юстыцыі, пакуль яно іх разглядае, мы знаходзімся ў юрыдычным полі, не падпадаем пад дзеянне артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Арганізацыя дзейнасці альбо ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, у адносiнах да якiх маецца ўступілае ў законную сілу рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа аб іх ліквідацыі ці прыпыненні іх дзейнасці, а таксама арганізацыя дзейнасці альбо ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю , – караюцца штрафам, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў – «Товарищ.online») і, такім чынам, абараняем сябраў нашай арганізацыі ад крымінальнага пераследу.
 
– Але, напэўна, акрамя гэтага ёсць і палітычныя задачы ў маючага адбыцца форуму?
 
– Вядома. Па-другое, гэта асэнсаванне выбарчай кампаніі, якая прайшла ў 2010 годзе, тых рэпрэсій і цяжкасцяў, з якімі мы сутыкнуліся ў 2011 годзе.
 
Па-трэцяе, гэта спроба адказаць на пытанні, якія сёння ставяцца ўнутры партыі: БХД – гэта хрысціянская партыя ці гэта народная партыя; як сумясціць гэтыя два напрамкі развіцця … Пра гэта мы і будзем гаварыць на з’ездзе.
 
І самае галоўнае адказаць на пытанне: як жыць Беларусі далей? 10 пунктаў антыкрызіснай праграмы БХД «Што нам рабіць далей»; адказ на пытанні «Што трэба рабіць у палітыцы?», «Як аб’ядноўваць дэмакратычныя сілы?”. Усё гэта, спадзяюся, прагучыць на з’ездзе.
 
– Не шкада, што будзеце ўдалечыні ад сваіх таварышаў?
 
– Там будзе мой відэазварот, тэкст выступу будзе раздадзены дэлегатам і гасцям форуму, так што прысутнічаць на ім, можна сказаць, я буду.
 
– Аргкамітэтам ужо заяўлена, што адзін з сустаршыняў БХД Аляксей Шэін не будзе балатавацца на гэтую пасаду. З чым звязана такое рашэнне?
 
– Гэта асабістае рашэнне Аляксея. Яно ніяк не звязана ні з ўнутрыпалітычнай, ні ўнутрыпартыйнай сітуацыяй. Яно звязана з яго асабістым жыццём, у яго ўсё-такі дзеці … У яго ёсць свае асабістыя праекты, якія хутчэй датычацца грамадзянскай супольнасці, чым палітыкі. Гэта яго рашэнне не аслабляе БХД і не аслабляе Аляксея Шэіна, у якога, думаю, вялікія перспектывы як у грамадскага лідэра. Гэта, скажам так, больш пытанні прыярытэту для кожнага лідэра БХД, які выбірае сабе сферу, дзе можа прынесці больш карысці.
 
– Ён пакідае БХД або застаецца?
 
– Мы з ім размаўлялі з гэтай нагоды, ён застаецца сябрам Нацыянальнай рады БХД.
 
– У наступным годзе пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў. У лагеры дэмакратычных сіл пакуль няма дакладнага адказу на пытанне: ці трэба ў іх удзельнічаць? У вас ёсць адказ на гэтае пытанне?
 
– Пытанне аб удзеле БХД у выбарчай кампаніі па выбарах у парламент на з’ездзе ставіцца будзе. На мой погляд, БХД павінна будзе сфармаваць свае патрабаванні рэжыму, яны ўсім вядомыя – вызваліць палітвязняў; дапусціць у выбарчыя камісіі сябраў дэмакратычных партый і рухаў; справядлівы падлік … Верагоднасць выканання гэтых патрабаванняў роўная нулю, а таму, хутчэй за ўсё, БХД прыйдзецца пачынаць рыхтаваць актыўны байкот ужо цяпер.

Болей навін