Дзмітрук: Мяркую, кіраўнік краіны прыслухаецца да царкоўных іерархаў

15 снежня 2011 12:02  |  Грамадства

Дзмітрук: “Гэта станоўча — тое, што далі адказ іерархі, і тое, што гэта пытанне ўзнікла ў нашым грамадстве. І асабліва што тычыцца тых сфераў грамадства, у якіх, як правіла, не абмяркоўваюцца пытанні, блізкія да палітыкі. Раней і хрысціянскія іерархі, і прадстаўнікі іншых канфесій пазбягалі такіх вострых пытанняў, якія ўзнікалі ў грамадстве. Гэта, здаецца, упершыню такі станоўчы крок наперад у пытаннях рэакцыі царквы на падзеі, якія адбываюцца ў грамадстве”.

 

Дзмітрук выказаў надзею, што заступніцтва царкоўных іерархаў дапаможа захаваць жыццё Канавалаву і Кавалёву.

 

Дзмітрук: “Я думаю, што кіраўнік дзяржавы дастаткова ўважліва назірае за рэакцыяй у грамадзянскай супольнасці. Канкрэтна ў гэтым выпадку, магчыма, гэта акажа вялікую ролю. Хаця, вядома, усё залежыць, не ад лідэраў канфесій і нават не ад нас, беларусаў…”

 

Разам з тым, сустаршыня БХД адзначыў, што барацьба супраць смяротнай кары ў Беларусі будзе працягвацца. І адзін з асноўных матываў для яе адмены — недавер да беларускай сістэмы правасуддзя.

 

Нагадаем, актывісты аргкамітэта Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі звярнуліся да кіраўнікоў Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў Беларусі. Яны прасілі іерархаў заступіцца за жыцці Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, асуджаных на смерць па абвінавачанні ў шэрагу тэрактаў. Афіцыйныя адказы ад кіраўніцтва абедзвюх цэркваў заклікалі ўстрымацца ад смяротнай кары.

Болей навін