Беларускія ўлады не падаўжаюць візы каталіцкім святарам
Улады Беларусі не працягнулі нацыянальныя візы адразу двум ксяндзам у Пінскай і Мінскай архідыяцэзіях. Шэрагу іншых замежных служыцеляў Каталіцкага касцёла дазвол на знаходжанне ў краіне скарочаны з аднаго года да трох месяцаў.
Па словах Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі арцыбіскупаТадэвуша Кандрусевіча, на сённяшні дзень у Беларусі працуюць 470 ксяндзоў. Трэцяя частка з іх увесь час абавязаныя звяртацца да ўладаў краіны з просьбай аб працягненні беларускіх візаў, бо ў большасці сваёй з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы.
– З Пінскай дыяцэзіі адзін святар не атрымаў візы, а таксама з нашай дыяцэзіі – гэта святар, які належыць да манаскай супольнасці і яго кіраўніцтва пераводзіць у іншую краіну. Ён выехаў, але на яго месца не ўдалося зарэестраваць другога. Некаторыя святары атрымалі візы на 3 месяцы, гэта асабліва ў Гродзенскай дыяцэзіі, таксама ў Пінскай адзін, а большасць атрымала на паўгода, хоць у мінулым годзе мы атрымлівалі візы на год.
Канфлікт вакол непадаўжэння візаў каталіцкім ксяндзам афіцыйны Мінск распачаў у 2008 годзе. Тады дазвол на прыбыванне ў краіне не атрымалі адразу шэраг служыцеляў Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій.
У 2009 годзе, пасля візіту ў Беларусі дзяржаўнага сакратара Ватыкана Тарчызіо Бэртонэ гэтая праблема была знятая, аднак сёлета, па словах арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, касцёл ізноў адчувае ціск у гэтым пытанні з боку афіцыйнага Мінску.