Затрыманых на трасе Шурхая і Чаркашына вінавацяць у бруднай лаянцы

15 снежня 2011 15:51  |  Галоўныя навіны

Затрыманых 15 снежня берасцейскіх кіраўнікоў аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Змітра Шурхая і Алеся Чаркашына вінавацяць у бруднай лаянцы ў грамадскім месцы. Зараз на іх складаюць пратакол.

 

Нагадаем, што актывісты былі затрыманыя ў машыне на трасе на ўездзе ў Берасце па падазрэнні ў тым, што яны нібыта збілі пешахода ў Менску. Такім чынам міліцэйскі пратакол з’яўляецца поўнай фальсіфікацыяй, які аніяк не адпавядае рэчаіснасці. Пасля затрымання кіраўнікі БХД па Берасці дзве гадзіны чакалі ў Маскоўскім РАУС горада эксперта, які быццам бы мусіў праверыць іх аўтамабіль. Але замест яго прыйшоў начальнік берасцейскага ДАІ, які сказаў афармляць іх за брудную лаянку. Пры ўмове, што 16 снежня можа адбыцца суд над актывістамі, бліжэйшую ноч яны могуць правесці ў СІЗА.

 

“Гэта неверагодная нагласць! Нашых актывістаў напярэдадні ўстаноўчага З’езду без усялкіх падстаў затрымліваюць на трасе, а пасля “высвятляецца”, што яны лаяліся матам! Безумоўна, БХД зробіць з гэтага высновы і дасць адпаведныя ацэнкі. Мы папярэджваем усіх нашых актывістаў быць асцярожнымі пры даездзе на з’езд у Менск”, – адзначыў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.

 

Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на гэты факт, “з’езд БХД адбудзецца ў любым выпадку ў Менску 17 снежня а 10-й гадзіне”.

Болей навін