Каталіцкі касцёл будзе дамагацца адмены смяротнага пакарання

15 снежня 2011 16:26  |  Грамадства

Каталіцкі касцёл будзе дамагацца адмены смяротнага пакарання ў Беларусі незалежна ад асуджаных асобаў. Па словах Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, каталікоў у гэтым падтрымае і беларуская праваслаўная царква.

 

На думку арцыбіскупа, смяротнае пакаранне не заснавана на прынцыпах гуманізму і на тым, каб даць асуджаным магчымасць пакаяцца. Гэтае пакаранне павінна быць выкаранена з судовай сістэмы Беларусі: 

 

– Вы добра ведаеце пазіцыю каталіцкага касцёла. Мы не адносімся канкрэтна да таго ці іншага факта, мы проста прынцыпова стаім на тым, што патрэбна ўвядзенне мараторыя. Мы гэта адчуваем, гэта адпавядае сучаснаму вучэнню каталіцкага касцёла, як Папы Яна Паўла II, так і Бенедыкта XVI. Сёння прачытаў, што праваслаўная царква таксама выказала свае меркаванні, у нас тыя самыя пазіцыі. Мы аднойчы размаўлялі з прадстаўнікамі праваслаўнай царквы на гэтыя тэмы. Хрысціянскае вучэнне аднолькавае — Евангелле.


Па словах арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, пазіцыя Каталіцкага касцёла па пытанні смяротнага пакарання ў Беларусі была яшчэ раз агучана прадстаўнікамі царквы ў часе судовага працэсу над абвінавачанымі ў тэракце ў мінскім метро Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым.

 

Адмыслова сваю пазіцыю па адмене пакарання Каталіцкі касцёл у Беларусі агучыў у выдадзеным восенню на беларускай мове “Кампендыі сацыяльнага вучэння”. На думку Тадэвуша Кандрусевіча, смяротнае пакаранне ў Беларусі мусіць быць скасаванае.

Болей навін