Судзілішча над Змітром Шурхаем і Алесем Чаркашыным пачнецца ў 14:00

16 снежня 2011 11:34  |  Палітыка

Судзілішча над берасцейскімі каардынатарамі аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Змітром Шурхаем і Алесем Чаркашыным распачнецца сёння, 16 снежня, а 14-й гадзіне.

 

Працэс будзе праходзіць у судзе Маскоўскага раёна Берасця ў кабінеце № 31. На дадзены момант актывістаў вінавацяць у тым, што яны лаяліся ў пастарунку Маскаўскага РАУС. Ці прыдумаюць ім якія-небудзь чарговыя абвінавачванні пакажа час. Нагадаем, што спачатку іх затрымалі на ўездзе ў горад па падазрэнні ва ўчыненым ДТЗ, а пасля звінавацілі ў лаянцы ў грамадскім месцы.

 

Зараз актывісты знаходзяцца ў адвакацкай канторы, дзе яны маюць заключыць дамову з адвакатам. Даставілі іх туды пад канвоем.

 

Факт пераследу актывістаў БХД прэсавай службе аргкамітэту пракаментаваў сустаршыня Георгі Дзмітрук, пасля візіту да якога і былі затрыманыя Зміцер Шурхай і Алесь Чаркашын.

“Злачынствам няма межаў. Улады планамерна намагаюцца сарваць прызначаны на заўтра ўстаноўчы з’езд БХД і націснуць на яго арганізатараў. Сумна, што ўлады працягваюць выкарыстоўваць толькі старыя, яшчэ савецкія метады і спрабуюць вырашыць свае праблемы выключна з ужываннем гвалту. Яны ведаюць толькі сілавыя метады і запужванне. Любому разважнаму чалавеку зразумела, што тут да чаго”, – адзначыў Георгі Дзмітрук.

Болей навін