Накануне З’езду БХД Змітра Шурхая і Алеся Чаркашына пасадзілі на 5 сутак
Берасцейскіх каардынатараў аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Змітра Шурхая і Алеся Чаркашына 16 снежня суд Маскоўскага раёна Берасця асудзіў на 5 сутак арышту. Іх прызналі вінаватымі ў лаянцы 15 снежня ля міліцэйскага пастарунку.
Такім чынам, улады здолелі не дапусціць удзелу актывістаў ва ўстаноўчым з’ездзе БХД, які пройдзе 17 снежня ў Менску.
Як паведаміў прэсавай службе БХД актывіст Віктар Чайкоўскі, які прысутнічаў у судзе, сведчанні міліцыянтаў былі дыяметральна супрацьлеглымі. “Так, адзін казаў, што яны лаяліся некалькі секунд, другі – значна больш. Адзін, што гэта адбывалася на прыступках, а другі – ля машыны за 50 метраў ад прыступак. Усе прысутныя ў залі смяяліся з гэтых паказанняў”, – адзначыў ён.
Адвакат Змітра Шурхая і Алеся Чаркашына хадайнічаў, каб у судзе паказалі відэа з вонкавых і ўнутраных камераў відэанагляду Маскоўскага РАУС. Але камеры “аказаліся” ў непрацоўным стане.
“Гэта відавочны палітычны заказ. Калі супрацоўнік спецслужбаў, які курыруе гэтыя дзеянні, думае такім чынам сарваць З’езд БХД, дык ён няправы. З’езд адбудзецца ў любым выпадку”, – падкрэсліў Віктар Чайкоўскі, адзначыўшы, што шмат людзей прыйшлі падтрымаць актывістаў.
Нагадаем, што затрымалі Змітра Шурхая і Алеся Чаркашына па падазрэнні ў нібыта здзейсненым імі ДТЗ, але пасля справу “перакваліфікавалі”.