“Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”: у Менску адбываецца З’езд БХД
У цяперашні момант у ПК МТЗ адбываецца праца 4-га ўстаноўчага З’езду БХД. У залі прысутнічаюць 108 дэлегатаў і больш за 300 гасцей З’езду з Менску і рэгіёнаў Беларусі, а таксама замежныя госці з Аўстрыі, Вугоршчыны, Украіны, Расеі.
Удзельнікі заслухалі выступы ганаровых гасцей З’езду, сустаршыняў БХД, у тым ліку відэазварот палітзняволенага сустрашыні БХД Паўла Севярынца, рэгіянальных кіраўнікоў. Адбылося чарговае галасаванне па заснаванні Партыі.
Падчас перапынку адбыліся паседжанні моладзі БХД, арганізацыі пенсіянераў ды аргкамітэту аб’яднання чарнобыльцаў і ліквідатараў у межах БХД.
Пасля перапынку ідзе прыняццё стратэгічных дакумантаў БХД. Самая жаркая дыскусія адбываецца вакол эканамічных антыкрызісных прапановаў БХД і пытання ўдзелу ці няўдзелу хрысціянскіх дэмакратаў у парламенцкіх выбарах 2012 года.
Пасля працоўнай часткі З’езду мае адбыцца канцэрт салідарнасці з палітвязнямі вядомага беларускага музыкі Лявона Вольскага.
Асноўным лозунгам З’езду і ўвогуле партыі БХД прыняты слоган “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”.
Падрабязную інфармацыю, фота і відэа са З’езду глядзіце на нашым сайце пазней.