Сёння гадавіна Плошчы (відэа)

19 снежня 2011 09:28  |  Галоўныя навіны

Сёння спаўняецца роўна год з таго моманту, як 19 снежня 2010 года ўладамі была жорстка разагнаная мірная акцыя пратэсту супраць сфальсіфікаваных выбараў. Успомнім, як гэта было:

 

Не павераўшы прыдуманым уладамі лічбам, дзясяткі тысяч людзей выйшлі ў цэнтр Менска, каб выказаць свой пратэст супраць фальсіфікацый і злачынстваў дзейнага рэжыму. Але ўлады, справакаваўшы біццё шкла ў Доме ўраду, распачалі разгон мірных дэманстрантаў. Былі затрыманыя каля 700 чалавек, у тым ліку сем кандыдатаў у прэзідэнты.

 

Затым улады абрынуліся на кватэры актывістаў, офісы дэмакратычных арганізацый і незалежных СМІ. Але спробы знішчыць апазіцыю прывялі да міжнароднай ізаляцыі рэжыму і страты да яе ўсялякага даверу з боку насельніцтва. Наступныя рэпрэсіі (судзілішчы над удзельнікамі Плошчы, разгоны маўклівых акцый) і эканамічны крызіс сталі працягам Плошчы і зрабілі беларускія ўлады міжнародным ізгоем, які, каб працягнуць сваё існаванне, мусціць распрадаваць нацыянальныя багацці Расеі.

 

Улетку і напачатку восені ўлады, спрабуючы пайсці на гандаль з Захадам, выпусцілі з турмаў дзясяткі вязняў Плошчы. Разам з тым за падзеі 19 снежня ў турмах працягваюць заставацца Павал Севярынец, Мікола Статкевіч, Андрэй Саннікаў, Зміцер Бандарэнка. Яшчэ 10 палітвязняў былі асуджаны па іншых справах.

 

Нагадаем, што грамадскія дзеячы, у тым ліку лідэры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі заклікалі беларусаў “аб’яднацца ў гэты дзень у малітве за наш народ”. “Заклікаем вас прасіць у Госпада, каб любоў, свабода, праўда і справядлівасць запанавалі ў сэрцах людзей, у асабістых і грамадскіх адносінах. Заклікаем прасіць у Бога трываласці для тых, хто пакутуе ад несправядлівасці, а таксама маліцца за пакаянне тых, хто гэтую несправядлівасць чыніць”, – адзначылі яны.

Болей навін