Выступ Аляксея Шэіна на З’ездзе БХД

19 снежня 2011 10:50  |  БХД

Прапануем вашай увазе выступ былога сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Аляксея Шэіна на устаноўчым З’ездзе Партыі БХД 17 снежня.

 

У сувязі з тым, што палітык у той дзень знаходзіўся ў Міжнародным хрысціянскім лідэрскім інстытуце ў ЗША, на З’ездзе выступ зачытаў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.

 

“Дарагія сябры і калегі, шаноўныя дэлегаты і госьці Зьезду!

 

Вітаю ўсіх завочна, бо ў гэты час мушу знаходзіцца ў міжнародным хрысьціянскім Інстытуце.

 

Роўна сем год таму, у сьнежні 2004 года праходзіў першы аргкамітэт “Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі”. Сем год – гэта прыгожая Біблейская лічба, такі час, калі можна праводзіць сур’ёзную ацэнку сваёй дзейнасьці.

 

За гэты час БХД стала адной зь вядучых апазыцыйных палітычных сілаў краіны. Партыя сфармулявала выразную хрысьціянска-дэмакратычную альтэрнатыву рэжыму, прапанавала падыход да вырашэньня існых праблемаў на падставе хрысьціянскіх маральных каштоўнасьцяў; урэшце, БХД стала вядомай і пазнавальнай у беларускім грамадзтве, наладзіла якасныя міжнародныя сувязі з братэрскімі хрысьціянскімі партыямі ў Эўропе.

 

Зь іншага боку, засталіся таксама і пытаньні, якія яшчэ патрабуюць свайго вырашэньня: перадусім гэта – пашырэньне БХД, і ўмацаваньне хрысьціянскай сунасьці, маральных стандартаў у партыі.

 

Тым ня менш, за кароткі час з Божай дапамогай нам удалося зрабіць шмат.

 

Вы ведаеце аб тым, што я вырашыў не вылучацца на сустаршыню БХД. Гэтае рашэньне далёка не спантаннае, яно прымалася ў малітве, і я веру, што на такі крок ёсьць Божая воля – хрысьціяне зразумеюць, пра што я кажу.

 

Безумоўна, я застаюся сябрам БХД. Я перакананы, што ў партыі ёсьць цудоўныя пэспэктывы і добрая будучыня. Я шчыра ўдзячны Богу, што магу працаваць разам з такімі людзьмі, як Павал Севярынец, які сваёй заўсёды непахіснай пазыцыяй, асабліва – да і пасьля прэзыдэнцкай кампаніі, шчырасьці, і моцы духу сапраўды можа называцца хрысьціянскім палітыкам.

Наша краіна моцна патрабуе нацыянальнага і духоўнага адраджэньня. У гэтым я і бачу свой асноўны ўдзел у агляднай пэрспэктыве – праз асьветніцкія хрысьціянскія і нацыянальна-культурныя праграмы, творчасьць, працу зь вернікамі, інтэлігенцыяй і моладзьдзю.

 

Зычу плённай працы і вялікага Божага дабраславеньня!

 

Жыве Беларусь!”

Болей навін