Затрыманы Віталь Рымашэўскі прыкаваны наручнікамі ў Фрунзенскім РАУСе (Абнаўляецца)
Сустаршыня БХД, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі знаходзіцца ў Фрунзенскім РАЎСе, прыкаваны наручнікамі да лавыс.
Пра гэта Віталь паведаміў адказнаму сакратару БХД Дзянісу Садоўскаму, здолеўшы яшчэ раз ператэлефанаваць з РАЎСа. Ён паведаміў, што знаходзіцца аддзеле крымінальнага вышуку Фрунзенскага РАУСа, але з ім ніхто не размаўляе і нічога не тлумачыць. Віталь паведаміў таксама, што пасля затрымання жонка скінула яму смс, што дахаты да іх ламіліся міліцыянты.
Нагадаем, Віталя Рымашэўскага на выхадзе з дому затрымалі чатыры чалавекі ў цывільным, якія пагрузілі яго ў сіні мікрааўтобус. Пра гэта паведаміў сам Віталь Рымашэўскі, які паспеў сказаць, што расцэньвае гэты факт як выкраданне. Пасля з ім сувязь перарвалася. Верагодна, у яго забралі слухаўку.
Віталь Рымашэўскі таксама паспеў паведаміць, што яго падвезлі да Фрунзенскага РАУС і доўга трымалі ў аўтобусе.
Прычыны затрымання Рымашэўскага невядомыя. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з гадавінай прэзідэнцкіх выбараў і меркаванай на сёння акцыяй пратэсту.