Гадавіну Плошчы Павел Севярынец адзначыць малітвай за Беларусь
Павал Севярынец лічыць, што год таму былі дапушчаны вялікія памылкі з боку дэмакратаў і вялізныя памылкі з боку Лукашэнкі. Севярынец упэўнены, што з малітвы і яднання дэмакратаў да Плошчы трэба было пачынаць і Плошчу – 2010:
– Праз год сітуацыя значна пагоршылася. Для нас, у першую чаргу, урок такі, што трэба было яднацца да Плошчы, а не на ёй. Плошчу трэба было пачынаць з малітвы. Глыбокае маё перакананне: тое, што адбывалася пасля, зрабілася таму, што рабілі гэта ўсё мы не так. Трэба па-боску і па-людску, а не так, як звычайна ў нас робіцца па-беларуску апошнім часам: хай яно ідзе, як ідзе. Вось яно і пайшло. Таму беларусы апынуліся збоку. Лукашэнка трапіў у пастку, Расія атрымала перавагу ў Беларусі, скупляе зараз, можна сказаць, беларускую дзяржаўнасць. А апазіцыя сядзіць па турмах альбо спрабуе зрабіць выгляд, што змагаецца.
Павел Севярынец за падзеі на Плошчы -2010 быў асуджаны да 3 гадоў абмежавання волі з накіраваннем да ўстановы адкрытага тыпу. Адбывае пакаранне ў спецкамендатуры № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна.