Малітва за палітвязьняў у гадавіну Плошчы пачалася з затрыманняў (Фота, Відэа)
У гадавіну Плошчы-2010 штодзённая малітва за Беларусь і палітвязьняў ля Чырвонага касьцёла сабрала каля 2 сотняў людзей і пачалася з затрыманняў. З 19-й да 20-й гадзіны каля касцёла было затрымана больш за 20 чалавек. Але нягледзчы на гэта, малітва адбылася – і ля помніка арханёлу Міхаілу, і ў самім касцёле.
Сярод затрыманых ля Чырвонага касцёла сталы ўдзельнік малітоўных акцыяў прадпрымальнік Алесь Макаеў, маладафронтавец, сябра БХД і былы палітвязень Уладзь Яроменак, праваабаронца Юлія Хлашчанкова і іншыя. Людзей затрымлівалі за спробу каля запаленых свечак, якіх сёння было надзвычай шмат, пакласці партрэты палітзняволеных.
А на Кастрычніцкай Плошчы сталіцы былі затрыманыя былы палітвязень Мікіта Ліхавід з мамай Аленай ды Васіль Парфянкоў. Усяго ў Маскоўскі і Цэнтральны РАЎСы Менска было дастаўленя каля 40 чалавек.
Тым не менш роўна ў 20-00 людзі, што сабраліся ля Чырвонага касцёла, гатовыя былі распачаць малітву. Але дзверы касцёла былі шырока расчыненыя, і людзей, каб больш нікога не затрымалі, запрасілі правесці малітву ў самім храме. Вёў экуменічную малітву за Беларусь і палітвязняў ў касцёле пратэстанцкі служыцель царквы Новае Жыццё Сяргей Луканін. Ён прачытаў Святое Пісанне Іс 42:12-18 і памаліўся сваімі словамі за вызваленне нашай краіны і яе людзей. У канцы вернікі ўзяліся за рукі і памаліліся агульнай хрысціянскай малітвай “Ойча Наш” ды праспявалі беларускі духоўны гімн “Магутны Божа”.
Выйшаўшы з касцёлу, вернікі далучыліся да традыцыйнай малітвы ля помніка арханёлу Міхаілу, якая таксама скончылася гімнам “Магутны Божа” і воклічам “Жыве Беларусь – Жыве з Богам!”. Пасля заканчэння малітвы шматлікія міліцыянты і людзі ў цывільным ўжо нікога не затрымлівалі.
Запаленыя свечкі і малітвы за свабоду Беларусі і палітвязняў у гэты дзень былі і ля іншых храмаў Менску ды ў іншых гарадох і краінах, а таксама ў кватэрах шматлікіх неабыякавых беларусаў.
Фота і відэа з сайтаў Еўрарадыё, Радыё “Свабода”, “Наша Ніва”, TUT.BY