БХД звяртаецца да цэркваў у сувязі са збіццём вернікаў 19 снежня

20 снежня 2011 12:43  |  Галоўныя навіны

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя прыняла зварот да хрысціянскіх цэркваў у Беларусі ў сувязі з брутальным разгонам акцыі памяці ля Чырвонага касцёла 19 снежня.

 

Зварот БХД да кіраўніцтва цэркваў у справе гвалту супраць вернікаў:

 

19 снежня ў Менску ў гадавіну разгону мірнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў каля касцёла Святых Сымона і Алены супрацоўнікі міліцыі ў цывільным жорстка затрымалі дзясяткі вернікаў, якія прыйшлі памаліцца за Беларусь.

 

Было затрымана каля 50 чалавек. Людзі былі моцна збітыя і арыштаваныя. Міліцыянты ў чорным збівалі і затрымлівалі сталых мужчын і маладых дзяўчат, жанчын і юнакоў. Яны з усмешкай на тварах цягнулі людзей па зямлі, праз кусты і па каменных прыступках. Значную траўму атрымаў адзін з прысутных журналістаў.

 

Усё гэта адбывалася на касцёльнай тэрыторыі. Пры гэтым міліцыянты казалі, што маліцца ля касцёлу забаронена – толькі ўнутры храма.

 

Яшчэ з дзясятак людзей былі затрыманыя загадзя, каб яны не змаглі прыйсці да касцёла. Адзін з іх – Віталь Рымашэўскі – быў затрыманы ва ўласным пад’ездзе і чатыры гадзіны быў прыкуты да лаўкі ў аддзяленні міліцыі.

 

Беларуская Хрысцянская Дэмакратыя абураная тым беззаконнем, якім кіравалі вышэйшыя чыны менскай міліцыі.

 

БХД заклікае Беларускую Праваслаўную Царкву, Рыма-Каталіцкі Касцёл у Беларусі, Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву, Цэрквы Евангельскіх Хрысціян-Баптыстаў, Хрысціян Веры Евангельскай, Хрысціян Поўнага Евангелля, Хрысціян-адвентыстаў Сёмага Дня, Лютэранскую і Рэфармацкую цэрквы выказаць сваё стаўленне да міліцэйскага гвалту на прыступках храму.

 

Дзікае паляванне на тых, хто прыходзіць да Бога, яшчэ памятнае нам па часах бязбожнай таталітарнай імперыі СССР, вяртаецца.

 

Мы просім Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага, Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, архімандрыта Сяргея Гаека, біскупаў Сяргея Хоміча, Майсея Астроўскага, Вячаслава Ганчарэнку і Леаніда Бірука не быць абыякавымі і ўзняць свой голас у абарону вернікаў, палітвязняў і ўсіх незаконна пераследаваных у Беларусі.

 

Дзе Дух Гасподні – там свабода!

Болей навін