Беларускія актывісты сустрэнуцца з намеснікам генеральнага пракурора Польшчы

21 снежня 2011 10:54  |  Палітыка

22 снежня а 11.00 ў Генеральнай пракуратуры Польшчы адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў беларускіх і міжнародных арганізацый з намеснікам генеральнага пракурора Польшчы Робертам Гернандэм. З боку арганізацый у сустрэчы прыме удзел прадстаўнік “Еўрапейскай Беларусі” Дзмітрый Бародка, прадстаўнік “Звязу на карысць дэмакратыі ў Беларусі”, сябар Нацыянальнай Рады Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Анатоль Міхнавец і прадстаўніка Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў” Ігар Шчэкарэвіч, а таксама праваабаронца, сябар БХД Андрэй Жукавец.

 

На сустрэчы плануецца абмеркаваць шматлікія факты парушэння правоў актывістаў беларускай апазіцыі ў Польшчы. А менавіта рашэнне пракуратуры ў Быдгашчы аб фактычнай забароне карыстання бел-чырвона-белым сцягам на спартыўных мерапрыемствах у Польшчы і шматгадовы пераслед беластоцкай пракуратурай Андрэя Жукаўца.

 

Таксама беларусаў цікавіць, чаму дагэтуль не былі адпаведна пакараныя супрацоўнікі Генпракуратуры Польшчы, адказныя за перадачу банкаўскіх звестак праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

 

Ва ўсіх гэтых парушэннях, паводле прадстаўнікоў арганізацый, вінаватыя пракуратуры розных гарадоў Польшчы. Актывісты не выключаюць, што некаторыя такія рашэнні польскія пракуратуры прымалі ў супрацоўніцтве з беларускім рэжымам.

 

Сустрэцца з актывістамі Роберт Гернанд згадзіўся пасля супольнага ліста ў польскую генпракуратуру ад Цэнтр “Супрацоўніцтва без межаў”, “Звязу на карысць дэмакратыі ў Беларусі”, “Маладога Фронту”, “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” і “Еўрапейскай Беларусі”. У сваім звароце арганізацыі прасілі аб сустрэчы з кіраўніцтвам генпракуратуры Польшчы для абмеркавання шматлікіх фактаў парушэння правоў актывістаў беларускай апазіцыі ў Польшчы.

Болей навін