Супраць пракурораў і суддзяў па справе Жукаўца аднавілі крымінальную справу
Раённы суд у польскім горадзе Астралэнка аднавіў крымінальную справу па факце фальсіфікацыі доказаў супраць сябра Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Андрэя Жукаўца.
Распачатае расследаванне супраць беластоцкіх перакладчыкаў, суддзяў і пракурораў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сам палітуцякач Жукавец.
Справа па фактах фальсіфікацый была распачатая ў 2008 годзе, аднак у 2009 годзе яе спынілі. Па гэтай жа справе праходзіў пракурор Анджэй Сліўскі, які цяпер выступае на баку абвінавачання ў справе Жукаўца. Сам Андрэй запатрабуе, каб Сліўскі быў зняты з яго працэсу, бо той знаходзіцца пад следствам.
Нагадаем, што прадпрымальнік і былы маладафронтавец Андрэй Жукавец у Беларусі матэрыяльна падтрымліваў “Малады Фронт” і праваабаронцаў. У 1999 годзе Жукавец з’ехаў з Беларусі і папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. Аднак з ініцыятывы беларускіх уладаў вядзецца яго пераслед — нібыта па крымінальным артыкуле.