Яўген Васьковіч: у ШІЗА за ўсмешку
21 снежня адвакат наведаў у турме палітвязня, сябра аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Яўгена Васьковіча. Пра гэта прэсавай службе БХД распавёў адказны сакратар Дзяніс Садоўскі.
Як стало вядома, 14 снежня ў турме была камісія, якая разглядала ці стаў Яўген Васьковіч на шлях выпраўлення. Падчас зачытвання абвінвачванняў праз іх абсурднасць на твары Яўгена з’явілася ўсмешка. За гэта актывісту далі чарговых 10 сутак у ШІЗА. Выйдзе ён адтуль толькі 24 снежня.
Таксама сталі вядомыя новыя падрабязнасці побыту Яўгена Васьковіча. Разам з ім у камеры знаходзяцца 4-12 чалавек. Часам Яўгена, калі ён не знаходзіцца ў карцары, выводзяць на прагулку.
Разам з тым, нягледзячы на катаванні, Яўген Васковіч пачуваецца бадзёра, дзякуе за падтрымку і віншуе ўсіх, хто яго ведае, з надыходзячымі святамі.