Шурхай і Чаркашын шукаюць праўду ў судзе
Каардынатары аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” па Брэсцкай вобласці Зміцер Шурхай і Аляксандр Чаркашына, асуджаныя на пяць сутак адміністрацыйнага арышту, падалі скаргі ў Брэсцкі абласны суд.
Пра гэта Шурхай паведаміў БелаПАН.
Нагадаем, актывістаў затрымалі 15 снежня. Аўтамабіль, у якім Шурхай і Чаркашына ехалі з Кобрына ў Брэст, спыніў супрацоўнік ДАІ. Ім заявілі, што аўтамабіль па апісанні падобны да таго, на якім у Мінску збілі дзяўчыну. Пасля гэтага затрыманыя былі дастаўленыя ў Маскоўскі РАУС Брэста. У міліцыі на іх склалі адміністрацыйныя пратаколы. Ноч актывісты правялі ў ізалятары часовага ўтрымання, адкуль 16 снежня іх даставілі суд Маскоўскага раёна Брэста.
Суд прызнаў іх вінаватымі ў дробным хуліганстве (нецэнзурнай лаянцы) і асудзіў па артыкуле 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях да пяці сутак арышту.
Па словах Шурхая, у скаргах ў Брэсцкі абласны суд, пададзеных 21 снежня, яны заяўляюць, што ў судзе не было прадстаўлена доказаў здзяйснення імі дробнага хуліганства.
Актывісты БХД пішуць, што паказанні супрацоўнікаў міліцыі, якія выступалі ў якасці сведак, былі супярэчлівыя. Яны называлі розны час і месца, дзе затрыманыя, са слоў супрацоўнікаў міліцыі, нецэнзурна лаяліся. Адзін паказваў, што гэта адбывалася на прыступках Маскоўскага РАУС, другі – у машыне, прыкладна за 50 метраў ад гэтых прыступак.
“Мы лічым, што судовыя пастановы вынесеныя з парушэннем закона, і патрабуем іх адмены”, – заявіў Шурхай.
“З пункту гледжання правоў чалавека гэта не толькі незаконнае затрыманне, але і адвольнае, а судовую пастанова – своеасаблівае “нтэрнаванне” для ізаляцыі гэтых актывістаў на час правядзення не толькі ўстаноўчага з’езду партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, які прайшоў 17 снежня ў Мінску, але і на час 19 снежня, калі ўлады чакалі акцыі апазіцыі”, – пракаментаваў сітуацыю праваабаронца Раман Кісляк.