Віталь Рымашэўскі: у папулізме Лукашэнкі цяжка знайсці яго намеры

23 снежня 2011 14:42  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі пракаментаваў больш чым чатырохгадзінны выступ Аляксандра Лукашэнкі.

 

“Сярод сённяшняга папулізму вельмі цяжка знайсці сапраўдныя намеры і раэльную інфармацыю. Заявы не напоўненыя зместам, а проста пагаршаюць сітуацыю ў краіне. Лукашэнка пацвярджае яшчэ раз курс на захаванне сваёй персанальнай улады”, – адзначыў ён.

 

“Мяркуючы па ўсім, санкцыі Захаду закранаюць яго і закранаюць балюча. Гэта бачна ў тым ліку і па ягонай рэакцыі на сітуацыю з Пефціевым, які нібыта яго не падтрымлівае фінансава. Такім чынам, ягоны сённяшні выступ пацвердзіў эфектыўнасць санкцый”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.

 

Паводле ягоных словаў, заявы аб нязменнасці эканамічнага курсу ёсць пераднавагоднімі абяцанкамі. “Пасля Новага году сітуацыя пагоршыцца. Гэта ўжо сёння адчуваюць многія беларусы. Так, ужо зараз людзі не могуць узяць крэдыту на жытло пад нармалёвыя працэнты”, – заявіў Віталь Рымашэўскі.

 

“Я ўпэўнены, што палітвязні будуць вызваленыя без усялякіх умоў, але для гэтага патрэбная цвёрдая пазіцыя беларускага грамадства, беларускіх палітычных сілаў і краін Захаду”, – адзначыў сустаршыня БХД.

Болей навін