Айцец Пётра Рудкоўскі наведаў у калоніі Эдуарда Лобава

23 снежня 2011 21:07  |  Палітыка

Святар, дамініканін айцец Пётра Рудкоўскі 22 снежня наведаў у Івацэвіцкай калоніі “Воўчыя норы” палітвязня, маладафронтаўца Эдуарда Лобава. Пра гэта ён паведаміў прэсавай службе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

 

Паводле словаў святара, Эдуард Лобаў пачуваецца нявельмі добра, “трошкі прыгнечана”. Пётра Рудкоўскі цэлебраваў святую Імшу ў кабінеце аднаго з начальнікаў калоніі. Палітвязень паспавядаўся і прыняў святую камунію.

 

Святар распавёў таксама, што паразмаўляць з Эдуардам Лобавым не было магчымасці, паколькі, згодна з правіламі калоніі, з імі ўвесь час прысутнічаў ахоўнік.

 

Эдуард Лобаў і ягоны паплечнік, кіраўнік “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч сёлета былі асуджаныя на 4 і 2 гады турмы, нібыта за хуліганства. Маладафронтаўцы сваёй віны не прызнаюць і заяўляюць, што іхняе зняволенне – правакацыя спецслужбаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 году.

Болей навін