У Трасцянцы ўшанавалі памяць ксяндза Гадлеўскага (Фота)
У суботу 24 снежня ва ўрочышчы Благоўшчына, што ў Трасцянцы на ўскрайку Менска, адбылося малітоўнае ўшанаванне памяці ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, расстралянага тут фашыстоўскімі карнікамі ў 1942 годзе. Ва ўшанаванні ўзялі ўдзел сябры Беларускай Хрысціянскай дэмактарыі, беларускага філіялу міжнароднага таварыства “Мемарыял”, руху салідарнасці “Разам”, сваякі палітвязняў і вернікі-каталікі ды ўдзельнікі штодзённай малітвы за Беларусь.
Перад пачаткам мерапрыемства ў Чырвоным касцёле адбылася памінальная малітва за ксяндза Вінцэнта, затым удзельнікі ўшанавання выправіліся на само месца расстрэла ў Благоўшчыне, дзе зараз стаіць крыж памяці забітаму святару. Ля крыжа людзі запалілі свечкі памяці, згадалі пра ахвярны жыццёвы чын ксяндза Гадлеўскага, праспявялі духоўныя гімны і памаліліся за душу айца Вінцэнта ды ўсіх загінулых ад фашыстоўскага і камуністычнага рэжымаў, а таксама за вызваленне цяперашніх беларускіх палітвязняў.
Прысутны на памінальным мерапрыемстве сустрашыня БХД Віталь Рымашэўскі у інтэрв’ю прэсавай службе БХД адзначыў:
“Тут ляжаць нявінныя ахвяры і камуністычных расстрэлаў, і фашыстоўскіх. На гэтым месцы, як і ва ўсіх месцах масавых расстрэлаў, павінен быць пастаўлены належны мемарыяльны помнік. Без гэтага, без памяці пра мінулае не можа быць шчаслівай будучыні ў нашых дзяцей. У Бога ўсе жывыя, жывыя ў нашай памяці і ў нашым жыцці, мы ёсць адзіным народам з нашымі продкамі.
Мы дзякуем усім, хто далучыўся да ўшанавання памяці айца-заснавальніка БХД, змагара і пакутніка ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага і заклікаем ў гэты дзень напярэдадні Раства згадаць у малітвах усіх ахвяраў антычалавечых злачынных рэжымаў, а таксама ўсіх тых, хто несправядліва пакутуе зараз у вязніцах.”
ГАДЛЕЎСКІ Вінцэнт ( Вікенцій Іванавіч) нарадзіўся 16.11 (паводле іншых звестак 16.12) 1888 г. у мяст. Поразава (паводле іншых звестак в. Шурычы) Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Свіслацкі р-н Гродзенскай вобл. Рыма-каталіцкі святар, публіцыст, перакладчык, выдавец, педагог.
У 1912 скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, у 1916 — Мітрапалітальную духоўную акадэмію ў Петраградзе. Пасвечаны ў святары 3.6.1914. Служыў вікарыем пры кафедральным касцёле ў Мінску.
Удзельнік 1-га Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 уваходзіў у склад Рады БНР. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Рэдагаваў газ. «Krynica» (Мінск, 1918).
Выкладаў у Нясвіжскай беларускай семінарыі. З 1924 пробашч у мяст. Жодзішкі на Віленшчыне (цяпер Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.). За актыўную нацыянальна-паліт. дзейнасць арыштоўваўся польскімі ўладамі 25.6.1925 (зняволены ў віленскай турме Лукішкі), 30.9.1925, 1.3.1926 асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі (зняволенне заменена штрафам). Арыштаваны ў сакавіку 1927 і асуджаны на 2 гады зняволення, якія адбыў у Макатоўскай турме ў Варшаве.
З 1929 жыў у Вільні. Адзін з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні. Пераклаў на бел. мову Новы Запавет (выдадзены ў Вільні, 1939). У 1936 заснаваў арганізацыю «Беларускі Нацыянальны Фронт», да 1939 выдаваў газ. «Беларускі фронт», у якой выступаў як публіцыст. З пачаткам 2-й сусветнай вайны пераехаў у Каўнас, у 1940 — у Варшаву, дзе арганізаваў легальны «Беларускі Нацыянальны Фронт» як прыкрыццё падпольных структур. Заснавальнік Беларускай Незалежніцкай Партыі. У чэрвені 1941 увайшоў у склад створанага ў Берліне Беларускага нацыянальнага цэнтра.
З верасня 1941 у Мінску, займаў пасаду галоўнага школьнага інспектара пры Генеральным камісарыяце Беларусі, сябра Галоўнай Рады Беларускай Народнай Самапомачы. Ініцыяваў стварэнне падпольнай арганізацыі «Беларускі Цэнтральны Фронт», якой кіраваў. Спрабаваў заснаваць кіруючы цэнтр Беларускага Рэзыстансу.
Арыштаваны СД 24.12.1942 г. і ў той жа дзень расстраляны ў Трасцянцы.
Паводле сайта Леаніда Маракова