Моладзь БХД збірае подпісы за адмену смяротнага пакарання (Зварот, Фота)
Маладыя хрысціянскія дэмакраты ў Менску напярэдадні свята Раства Хрыстовага распачалі збор подпісаў за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Пра гэта прэс-службе БХД распавяла нядаўна абраная сустаршынька МХД, каардынатар БХД па Менску Марына Хоміч:
“Мы ініцыявалі збор подпісаў пад зваротам за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. У інтэрнэце ў апошні час было шмат віртуальных ініцыятываў супраць смяротнага пакарання ў нашай краіне, а мы вырашылі сабраць некалькі тысячаў подпісаў рэальных. У гэтыя святочныя дні мы пачалі збіраць подпісы ля касцёлаў і цэркваў. Людзі вельмі добра рэагуюць, падпісваюцца сем’ямі”.
Зварот складзены з удзелам юрыстаў, патрабуе неадкладнага ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі і ініцыявання ўнясення зменаў у заканадаўства для спынення пакарання смерцю ў нашай краіне наагул. Каб падпісацца ці ўзяць бланкі звароту для збору подпісаў, можна звязацца з Марынай Хоміч па тэлефонах +375295633107 (МТС) і +375445731042 (Velcom). Можна таксама спампаваць бланк звароту супраць смяротнага пакарання ў Беларусі на нашым сайце: suprac_smiar_pakarannia.doc
Нагадаем, на 4-м З’ездзе БХД 17 снежня адбыўся і З’езд моладзі БХД – Маладых хрысціянскіх дэмакратаў (МХД), дзе былі абраныя новыя кіраўнікі і прынятае рашэнне аб правядзенні кампаніі за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.