Салігорцы збіраюцца мітынгаваць за хрысціянскія каштоўнасці

28 снежня 2011 11:01  |  Палітыка

Заяўка на правядзенне мітынгу ў абарону хрысціянскіх каштоўнасцяў у сталіцы шахцёраў пададзена мясцовым актывістам БХД Уладзімірам Шылам.

 

Мерапрыемства плануецца правесці 8-га студзеня ў 12 гадзін на стадыёне “Будаўнік”. Па словах заяўніка, на мітынгу плануецца знайсці адказ на пытанне “чым ёсць хрысціянскія каштоўнасці ў жыцці беларуса” і выказаць сваё стаўленне да крывадушша дзяржавы ў адносніх да гэтых каштоўнасцяў.

 

Уладзімір Шыла адзначае, што збіраецца падаваць заяўкі на правядзенне масавых мерапрыемстваў кожны тыдзень. Актывіст не мае асаблівых ілюзій адносна атрымання афіцыныйх дазволаў на акцыі, але плануе накіраваць у мясцовы выканкам каля пяцідзесяці заяваў цягам году. Нават калі ніводнай акцыі чыноўнікі не санкцыянуюць, сябра БХД не будзе разглядаць гэта як паразу. Атрыманыя пісьмовыя адмовы стануць выдатнымі фактычнымі доказамі парушэння закону і права пры магчымым судовым абскарджванні дзеянняў салігорскіх уладаў у будучыні, лічыць Уладзімір Шыла.

Болей навін