Віцебскія актывісты сабралі гуманітарную дапамогу пацыентам сухотнага шпіталю

28 снежня 2011 14:34  |  Грамадства

Віцебскія сябры аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” сумесна з актывістамі “Гавары праўду!” і прадпрымальнікамі Смаленскага рынку Віцебска перадалі гуманітарную дапамогу пацыентам Багушэўскага абласнога сухотнага шпіталю.

 

У склад дапамогі ўвайшлі бялізна, вопратка (у тым ліку курткі, майкі, шкарпэткі), абутак, прадукты харчавання (30 кілаграмаў мандарынаў, столькі ж яблыкаў, 20 кілаграмаў печыва, 10 кілаграмаў цукерак), невялікая бібліятэка з 41 кнігі твораў на хрысціянскую тэматыку і зборнікаў вершаў Уладзіміра Некляева. Асобную дапамогу атрымаў сябар БХД Валер Ганчарэнка, які лякуецца ў гэтым шпіталі і прыцягнуў да яго праблемаў увагу беларускага грамадства.

 

Як паведаміла віцебская абласная каардынатарка БХД Тацяна Севярынец, дэлегацыю віцебскіх актывістаў сустракала адмысловая камісія лякарні ўключна з ахоўнікам, якія пад подпіс прынялі ўсе ахвяраваныя рэчы. Галаўурач шпіталю да актывістаў не выйшла. Іх таксама не пусцілі на тэрыторыю шпіталю.

Болей навін