Павал Севярынец прапануе падтрымаць Сяргея Каваленку (Відэа)

30 снежня 2011 10:28  |  Галоўныя навіны

Прыехаўшы ў Віцебск у трохдзённы адпачынак, Павал Севярынец рыхтуе супольную сустрэчу віцебскіх актывістаў, каб разам вызначыць, чым дапамагчы актывісту Сяргею Каваленку, які знаходзіцца ў СІЗА і якому пагражае турэмнае зьняволеньне.

 

Увесь час на «хіміі» Павал Севярынец сочыць за палітычнымі беларускімі падзеямі праз інтэрнэт.Такім чынам ён даведаўся, што віцебскаму сябру КХП БНФ Сяргею Каваленку пагражае турэмнае зьняволеньне нібыта за парушэньне рэжыму адбыцьця ўмоўнага пакараньня — тры гады так званай «хатняй хіміі» актывіст атрымаў за тое, што ў 2010 годзе вывесіў сьцяг на навагодняй ёлцы.

Павал Севярынец лічыць, што з моманту зьмяшчэньня Каваленкі ў СІЗА ў Беларусі зьявіўся яшчэ адзін палітвязень:

«Каваленка — гэта ўжо15-ты палітвязень, які ёсьць у Беларусі. Гэта чалавек, які вывешвае бел-чырвона-белыя сьцягі, але ў пэўным сэнсе ён пакутуе за ўсіх нас. Ён вядзе вулічнае змаганьне, «трымае лінію фронту». Таму мы мусім падтрымаць яго. Я ўжо дамовіўся пра памяшканьне, каб заўтра правесьці сустрэчу віцебскіх актывістаў. Будзем разам вырашаць, як падтрымаць — дыпляматычныя, праваабарончыя, міжнародныя захады — усё, што мы можам зрабіць і арганізаваць. Як кажуць, «адзін за ўсіх, усе за аднаго!»

Да Паўла вельмі шмат тэлефанаваньняў: нехта ўжо віншуе з заўтрашнім днём народзінаў, нехта радуецца, што яго ўрэшце адпусьцілі ў адпачынак — першы раз за амаль паўгода. Сам Павал Севярынец гаворыць, што настрой у яго ня дужа сьвяточны, бо шмат каму ў гэты час куды цяжэй — хаця б і таму самаму Сяргею Каваленку, які 11-ыя суткі трымае галадоўку, пратэстуючы супраць крымінальнага абвінавачаньня, ці Андрэю Саньнікаву, які адбывае зьняволеньне ў калёніі № 3, што ў Віцебскім раёне, ці Зьмітру Дашкевічу, зьняволенаму ў Глыбоцкай калёніі.

Паўлава маці, Тацяна Севярынец, нарэшце сустрэўшы сына дома, таксама падзяляе гэтыя думкі: “Радасьць азмрочана тым, што гэта толькі я — шчасьлівая мамка. А колькі маці ня могуць так дачакацца сваіх сыноў! І я зычу ім такога самага шчасьця, як маё! Але сёньня я шчасьлівейшая за ўсіх! Ну, і ён у мяне ўжо дарослы зусім чалавек, 35 гадоў.

35-я ўгодкі Павал Севярынец мае адзначыць заўтра ў сямейным коле, спадарыня Тацяна гатуе розныя прысмакі, але ўсе посныя — у праваслаўных яшчэ доўжыцца пост. І Павал мяркуе, што ў свой дзень народзінаў ён будзе працаваць, як звычайна — сустракацца з аднадумцамі працаваць над пачатай кнігай.

 

 

 

Болей навін