Рымашэўскі: улада ўсё больш ставіцца да беларусаў як да быдла
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі лічыць, што беларуская ўлада, якая не дала людзям дадатковых выходных на Новы год, матывуючы гэта дрэнным становішчам у эканоміцы, паказала такім чынам сваё стаўленне да іх.
– Для ўлады рэжым эканоміі – гэта асноўны дэвіз, які яны будуць абвяшчаць ў бліжэйшы год ці нават больш. Прыкрываючыся гэтым дэвізам, яны будуць забіраць у людзей, і цяпер ужо забіраюць, магчымасці на годнае існаванне. Гэта не толькі прававое існаванне, але і эканамічнае. Тое, што людзям не далі выходныя на Новы год матывуецца эканоміяй грошай, але гэта таксама паказчык адносін да простых людзей. Не прыкрываючыся, улада ўсё больш і больш да беларусаў ставіцца як да быдла, нават не да прыгонных сялян, пра якіх трэба было клапаціцца, а проста як да нямога быдла, за якім трэба сачыць, каб яно не выйшла са стойла, не выйшла на вуліцы. Тое, што людзям не далі выхаднога – гэта ў адным шэрагу з іншымі дзеяннямі, якія ёсць. Відавочна, што будзе скарачэнне сацыяльных датацый, якое ўжо адбываецца.
– Беларусы разумеюць, хто ў гэтым вінаваты?
– Беларусы ўсё выдатна разумеюць. Яны выдатна разумеюць, хто вінаваты. Яны разважлівыя перад прыняццем рашэння, гэта ўласціва беларусам. Яны ведаюць, хто вінаваты і цяпер разважаюць пра тое, што рабіць. Я ўпэўнены, што яны знойдуць правільныя адказы, а беларуская ўлада павінна баяцца і яна баіцца гэтых адказаў, яна хавае іх ад беларускага народу.