Павал Севярынец стварыў аргкамітэт дзеля ўратавання віцебскага “Мірона” (Фота)
У віцебскім Еўрапейскім клубе 30 снежня адбыўся сход мясцовых дэмакратычных актывістаў, на якім разглядаліся спосабы магчымай дапамогі актывісту Сяргею Каваленку, які зараз галадае ў віцебскім СІЗА. Сход быў арганізаваны па ініцыятыве сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца, які прыехаў дадому ў Віцебск, атрымаўшы трохдзённы адпачынак на “хіміі” ў вёсцы Куплін Брэсцкай вобласці.
Нагадаем, што ў 2010 годзе Сяргей Каваленка вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на навагодняй ёлцы ў Віцебску, атрымаў за гэта тры гады так званай «хатняй хіміі». Зараз яму пагражае турэмнае зняволенне нібыта за парушэнне рэжыму адбыцця ўмоўнага пакарання. У следчым ізалятары Каваленка ўжо амаль два тыдні трымае галадоўку на знак пратэсту. На думку Паўла Севярынца, Каваленка – гэта ўжо 15-ты палітвязень, які ёсць у Беларусі:
– Сітацыя з Сяргеем Каваленкам вельмі цяжкая – ён за кратамі і яго абвінавачваюць па 415-ым артыкуле, які прадугледжвае да 3-х гадоў пазбаўлення волі. Робяць гэта ў святы, каб было цяжка арганізаваць падтрымку і салідарнасць. І сам Сяргей галадае ўжо 12-ыя суткі. Таму, канешне, грамадскаму актыву Віцебска трэба было збірацца разам. Мы стэлефанаваліся з віцебскімі актывістамі праваабарончых арганізацый, палітычных партый, рухаў і ўтварылі такі аргкамітэт.
На сходзе абмяркоўваліся дыпламатычныя, праваабарончыя, міжнародныя, інфармацыйныя і фінансавыя захады дапамогі зняволенаму і ягонай сям’і. Чарговае судовае пасяджэнне па справе Каваленкі пройдзе 12 студзеня. І віцебскія актывісты збіраюцца аказаць яму масавую падтрымку ў судзе.
На сходзе прысутнічалі родныя Сяргея – ягоная маці Лідізія Каваленка і жонка Алена. Па словах апошняй, у яе мужа зараз значна пагоршылася здароўе. І таму яна, калі ў СІЗА ёй дазволяць спатканне з Сяргеем, збіраецца прасіць яго спыніць галадоўку. Вельмі непакоіцца за сына і маці. Жанчына падрыхтавала зварот, які плануе разаслаць у праваабарончыя арганізацыі, замежныя амбасады і АБСЕ.
У Сяргея і Алены Каваленкаў двое малых дзяцей – шасцігадовы сын і дачка, якой ўсяго паўгады. І фінансавая сітуацыя ў іхняй сям’і складаная: застаўшыся без мужа і бацькі, Алена з дзецьмі жывуць толькі на тыя грошы, якія жанчына атрымлівае ў якасці дапамогі па догляду за дзіцём. Калі хтосьці жадае аказаць дапамогу, ён можа пералічыць грошы на рахунак № 01073849 у віцебскім аддзяленні Беларусбанка 201/85 (да запатрабавання) на імя Каваленкі Алены Юр’еўны.
Фота Сержука Серабро