Алеся Чаркашына папярэдзіла пракуратура Берасцейскай вобласці
Пракуратура Берасцейскай вобласці 4 студзеня вынесла папярэджанне каардынатару аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” па Берасці Алесю Чаркашыну.
Актывіста выклікалі ў пракуратуру яшчэ ў канцы снежня, але ён не мог туды з’явіцца, бо адсутнічаў у горадзе. Праз гэта сілавікі распачалі ціск на сям’ю каардынатара БХД, а 4 студзеня дапыталі ягонага сябра. “Я вырашыў здацца. Каля дзвюх гадзін дня я прыехаў дадому да сябра. Там мяне чакалі супрацоўнік міліцыі і чалавек у цывільным. Адтуль мяне даставілі ў абласную пракуратуру”, – паведаміў Алесь Чаркашын.
У пракуратуры актывісту ўручылі афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння патрабаванняў закона “Аб масавых мерапрыемствах”. У прыватнасці, у дакуменце гаворыцца, што ён 21 снежня 2011 пад імем Алесь Змагар у інтэрнэце на старонцы суполкі “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі: Берасцейская вобласць” змясціў інфармацыю аб правядзенні масавага мерапрыемства, якая змяшчае ўказанне на дату, час і месца яго правядзення , што забараняецца да атрымання дазволу. “Думаю на гэтым яны ад мяне пакуль адчэпяцца”, – сказаў ён.
Алесь Чаркашын напісаў на дакуменце, што не згодны з папярэджаннем, але абскарджваць яго не стаў.
Ён таксама паведаміў, што 5 студзеня Берасцейскі абласны суд а 9-30 разгледзіць скаргу Алеся Чаркашына і яго паплечніка Змітра Шурхая на іх затрыманне 15 снежня і наступны арышт на пяць сутак.