Берасцейскі абласны суд пакінуў без зменаў прысуд Шурхаю і Чаркашыну

05 студзеня 2012 10:14  |  Палітыка

Берасцейскі абласны суд 5 студзеня пакінуў без зменаў прысуд Маскоўскага раённага суда Берасця ад 16 снежня 2011 года берасцейскім каардынатарам аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Змітру Шурхаю і Алесю Чаркашыну.

 

Як паведаміў Алесь Чаркашын суддзя, як толькі ўвайшоў ў залю суду, паводзіў сябе вельмі агрэсіўна і нервова. “Была нейкая клаўнада. Ён задаў некалькі пытанняў, зрабіў выгляд, што знаёміцца з матэрыяламі справы і заявіў, што пакідае рашэнне Маскоўскага суду без зменаў. Суд цягнуўся літаральна 5 хвілінаў”, – сказаў ён.

 

“Я не магу назваць гэтае рашэнне суду незалежным. Хутчэй за ўсё мы будзем яго абскарджваць. Хоць вынік і загадзя вядомы, я лічу, што трэба хадзіць, пісаць і абскарджваць”, – падкрэсліў Алесь Чаркашын.

 

Нагадаем, што Шурхай і Чаркашын былі затрыманыя 15 снежня па дарозе з Кобрына, куды яны ездзілі рыхтавацца да з’езду БХД. Аднак на пад’ездзе да Берасця іх аўтамабіль спынілі міліцыянты, якія прапанавалі праехаць у Маскоўскі РАУС. Маўляў, машына актывістаў падобная да той, якая ўчыніла наезд на пешахода ў Менску. Аднак у РАУС на палітыкаў склалі пратакол за брыдкаслоўе. 16 снежня суддзя Таццяна Ўрбановіч прысудзіла ім па 5 сутак арышту.

Болей навін