У Мёрскім раёне ўлады аказваюць масавы ціск на заснавальнікаў БХД
У Мёрскім раёне ўлады распачалі масавы ціск на грамадзянаў, якія пагадзіліся стаць заснавальнікамі партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Іх прымушаюць адклікаць свае подпісы. Пра гэта паведаміў мясцовы каардынатар аргкамітэту БХД Багуслаў Мацук.
Паводле ягоных словаў, ціск аказваецца прынамсі на пяцёх чалавек. Так, напрыклад, галоўную бухгалтарку калгасу “Парыжская камуна” Наталлю Лаўрэнаву пагражаюць звольніць з працы, калі яна не адмовіцца ад свайго подпісу. Да другога заснавальніка Андрэя Немянёнка дадому прыходзіў участковы, а яго самога выклікаюць у сельсавет і райвыканкам. Апроч таго, яшчэ дзвюх дзяўчын праз подпісы выклікаюць у райвыканкам, а адной актывістцы аргкамітэту БХД прапануюць лепшае месца працы для яе мужа, калі яна адмовіцца ад свайго подпісу.
Аказвае ціск на актывістаў і кіраўніца ідэалагічнага аддзелу Тацяна Стальмачонак. Да таго ж, заснавальнікам БХД, якія жывуць на вёсцы, пагражаюць падчас сяльгаспрац не вылучыць трактары, не даваць сена для жывёлы. “Але яны гэтага і так не даюць”, – адзначыў Багсулаў Мацук.
“Улады заварушыліся. Я ўсім кажу не хадзіць ні ў райвыканкам, ні ў сельсавет, нікуды, бо афіцыйна мы жывем у дэмакратычнай краіне і нікому не павінна быць справы да таго, хто, дзе і за што ставіць свой подпіс. Адкліканне подпісу – незаконна. Гэта ж юрыдычны дакумент. Калі так будзе працягвацца, дык можна будзе адклікаць любы подпіс пад любым дакументам”, – падкрэсліў ён.
“Улады дзейнічаюць гестапаўскімі і сталінскімі метадамі. Мы не робім нічога супрацьзаконнага. Ідэалогія Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі не з’яўляецца забароненай. Не ведаю, ці вытрымаюць людзі ціск. Шмат хто ўсё жыццё жыве ў страху. Тыя, хто больш разумны, кажуць, што не адмовяцца ад подпісу, нават, калі іх і звольняць”, – паведаміў Багуслаў Мацук.
“Закон толькі для людзей, а самі ўлады плявалі на законы. У нас два гады ідзе рамонт у дзіцячым аддзяленні раённай бальніцы, дзеці на калідорах спяць. Чаму так доўга? Грошы ж былі вылучаныя. Куды яны сыйшлі? На будаванне катэджаў для чыноўнікаў за паўмільёна даляраў? На тое, каб яны ўсе свае выдаткі за кошт бюджэту аплочвалі?”, – задаецца пытаннем каардынатар БХД.
Нагадаем, што Сяброўцы аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Насце Мацак пагражаюць звальненнем з працы, калі яна не выйдзе з яго складу. Наста працуе ў дзіцячым садку ў Нароўлі і атрымлівае каля 800 тыс. рублёў заробку. 28 снежня яе выклікалі ў раённы аддзел адукацыі, дзе мясцовая загадчыца Алена Іванаўна Кірганава паказала ёй дасье на яе, якое прыйшло з міністэрства юстыцыі.