Пераслед заснавальнікаў БХД дакаціўся і да Менска

10 студзеня 2012 12:08  |  Палітыка

Улады распачалі кампанію па дэскрыдытацыі БХД сярод заснавальнікаў партыі. (У Міністэрства юстыцыі здадзена пасля з’езда 1080 подпісаў.) Да мінчанкі В. прыйшлі два мужчыны, якія прадставіліся “общественными сотрудниками” нейкай арганізацыі. Яны палохалі пенсіянерку тым, што хрысціянскія дэмакраты нібыта “парушаюць закон”, бо выступаюць супраць дзеючага прэзідэнта. Няпрошаныя госці сцвярджалі, што “многія ўжо паадмаўляліся”, запалохвалі і абяцалі наведацца яшчэ раз.

 

Да абтэлефанавання тых, хто падтрымаў ствараемую партыю,  падключаны супрацоўнікі раённых адміністрацый сталіцы. Ёсць факты пераследу па месцы працы  і вучобы. З усяго гэтага добра відно, хто сапраўды з’яўляецца парушальнікам законаў у нашай краіне. Падобна, што мінюст мае намер зрабіць брудную справу чужымі рукамі.

 

Нагадаем, што раней у Мёрскім раёне ўлады распачалі масавы ціск на грамадзянаў, якія пагадзіліся стаць заснавальнікамі партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Іх прымушаюць адклікаць свае подпісы. Пра гэта паведаміў мясцовы каардынатар аргкамітэту БХД Багуслаў Мацук.

 

Таксама сяброўцы аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Насце Мацак пагражаюць звальненнем з працы, калі яна не выйдзе з яго складу. Наста працуе ў дзіцячым садку ў Нароўлі і атрымлівае каля 800 тыс. рублёў заробку. 28 снежня яе выклікалі ў раённы аддзел адукацыі, дзе мясцовая загадчыца Алена Іванаўна Кірганава паказала ёй дасье на яе, якое прыйшло з міністэрства юстыцыі.

Болей навін