Суд на Сяргеем Каваленкам адбудзецца 12 студзеня – відэа

10 студзеня 2012 12:20  |  Галоўныя навіны

У чацвер, 12 студзеня, распачнецца суд над віцебскім актывістам КХП-БНФ Сяргеем Каваленкам. Суд распачнецца а 10:30 у Першамайскім судзе Віцебска па адрасае Гарбачэўскага, 26.

 

Аргкамітэт па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” заклікае людзей прыйсці ў суд над Сяргеем Каваленкам, каб падтрымаць палітвязня. Таксама БХД заклікае ўсіх вернікаў маліцца за вызваленне актывіста.

 

 

Як распавяла прэсавай службе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі маці Сяргея Каваленкі, сведкамі на судзе выступаюць міліцыянты і два залежныя ад іх чалавекі, якія адбываюць пакаранне. Пры гэтым яна адзначыла, што адзін са сведкаў, цяпер ужо былы міліцыянт Дубавец заявіў у судзе, што Сяргей Каваленка не лаяўся.

 

У выніку абвінаваўчага прысуду актывіст можа быць зняволены на тры гады, стаўшы такім чынам чарговым беларускім палітвязнем. Зараз ён знаходзіцца ў следчым ізалятары, куды быў змешчаны, пакуль ідзе следства па крымінальнай справе паводле артыкула 415 “Ухіленне ад адбывання пакарання”.  З лета 2010 года Сяргей Каваленка знаходзіцца на “хатняй хіміі” за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй елцы. Парушэнні рэжыму – гэта вяртанне  дахаты пазней вызначанага часу, а таксама некалькі адміністрацыйных справаў, распачатых супраць Каваленкі падчас яго ўмоўнага пакарання.

 

Маці актывіста Лідыя Уладзіміраўна вельмі непакоіцца за маральны і фізічны стан сына, паколькі, па яе словах, на яго “аказваецца ціск, з яго ўсяляк здзекваюцца”. Яна паведаміла таксама, што Сяргей Каваленка ўжо дзясяты дзень галадае ў знак пратэсту. Яна просіць выпусціць яе сына на волю хаця б на час следства.

 

Сям’я Сяргея Каваленкі пазбаўлена сродкаў да існавання. У актывіста двое дзяцей, а жонка знаходзіцца ў адпачынку па догляду за паўгадовай дачкой. Сям’ю забяспечваў Сяргей Каваленка, працуючы прыватным прадпрымальнікам. У сувязі з гэтым просім аказаць падтрымку сям’і, пералічыўшы сродкі на наступны рахунак:

 

ААТ “АСБ Беларусбанк”, Аддзяленне № 200-140, вул. Смаленская 9А, г.Віцебск   –    01064749

 

Рахунак адкрыты на Каваленку Лідыю Ўладзіміраўну (да патрабавання)

Болей навін