Заява БХД у сувязі з ціскам на заснавальнікаў партыі: улады набліжаюць час масавых пратэстаў

11 студзеня 2012 11:48  |  Галоўныя навіны

Улады працягваюць аказваць ціск на грамадзян Беларусі, якія сталі заснавальнікамі Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”.

 

Так, завуч менскай гімназіі № 1 імя Францішка Скарыны патрабавала ад настаўніцы ў пісьмовым выглядзе напісаць тлумачэнне па факце прысутнасці яе імя ў спісе заснавальнікаў Партыі БХД.

 

На КПД 1 ААТ “МАПІД” працоўных прымушалі пісаць тлумачэнні, чаму яны сталі заснавальнікамі БХД. А да жыхароў дому па вуліцы Лынькова 17 прыходзілі людзі, якія прадстўляліся сябрамі “Белай Русі” і прымушалі людзей адмовіцца ад сваіх подпісаў заснавальнікаў БХД, пагражаючы ў тым ліку і фізічнай расправай. Пагражалі фізічнай расправай і намесніцы каардынатара аргкамітэту БХД па Мёрскім раёне Ірыне Пятроўне Вальтэр. Ёй тэлефанавалі невядомыя і патрабавалі адмовіцца ад яе подпісу.

 

І гэта далёка не адзіны выпадак ціску на заснавальнікаў Партыі БХД. Падобныя дзеянні ўладаў ужо фіксаваліся ў Менску, Мёрскім раёне, Нароўлі, калі грамадзянам Беларусі пагражалі звальненнем, а іх сем’і тэрарызавалі.

 

Улады зноў распачалі масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да заснавальнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Тым самым яны паказваюць, што ў Беларусі няма ніякіх легальных магчымасцяў дзеяння для апазіцыйных партый і грамадскіх арганізацый.

 

Кіраўніцтва Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі звяртаецца да беларускага грамадства, праваабарончых арганізацый і міжнароднай супольнасці з просьбай звярнуць увагу на факты пераследу актывістаў БХД і выказаць свой пратэст супраць парушэнняў фундаментальных правоў чалавека і масавых рэпрэсій у дачыненні да заснавальнікаў партыі.

 

“Мы фіксуем кожны факт ціску на заснавальнікаў БХД. У нас ёсць нават дакументальныя пацверджанні гэтага. Важна азначыць, што раней актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі не сутыкаліся з ананімнымі пагрозамі расправы ў сувязі з іх згодай стаць заснавальнікамі партыі. Мы нагадваем пра немінучую крымінальную адказнасць кожнага, хто аказвае ціск на грамадзян Беларусі, пагражае ім рэпрэсіямі і звальненнямі, фізічнай расправай, бо яны парушаюць законы і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Мінюст, не жадаючы, каб ягоныя супрацоўнікі патрапілі пад санкцыі Еўразвязу, імкнецца расправіцца з БХД чужымі рукамі”, – адзначыў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.

 

“Мы папярэджваем Мінюст, які парушае правы чалавека, у тым ліку права на свабоду асацыяцый, што ён вядзе да эскалацыі сацыяльнага напружання ўнутры краіны і дыскрэдытуе Беларусь у вачах міжнароднай супольнасці. Брутальныя дзеянні ўладаў сведчаць пра далейшы курс на падаўленне ўсялякіх свабодаў у Беларусі. Тым самым яны набліжаюць час масавых пратэстаў грамадзян нашай краіны супраць рэпрэсій, бо ўжо не засталося амаль ніводнага чалавека, хто б не стаў іх ахвярай”, – адзначыў ён.

Болей навін