Тацяна Севярынец: Валеру Ганчарэнку могуць не даць выжыць у шпіталі
Хворы на сухоты актывіст Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Валер Ганчарэнка, які сваёй дзейнасцю прыцягнуў увагу грамадскасці да праблемаў сухотнай лякарні ў Багушэўску, паспрабаваў уцячы адтуль, але быў злоўлены на вакзале ў Віцебску і змешчаны ў псіхіятрычнае аддзяленне.
Зараз ён знаходзіцца ў калідоры пад няспынным наглядам санітараў. Пра гэта стала вядома ад іншых пацыентаў шпіталю. “Існуе вялікая небяспека таго, што Валеру Ганчарэнку не дадуць выжыць”, – адзначыла віцебская абласная каардынатарка аргкамітэту БХД Тацяна Севярынец.
Яны таксама распавялі, што ў астатніх пацыентаў адміністрацыя шпіталю забрала мабільныя тэлефоны, паперу, асадкі, а таксама забараніла ім камунікаваць са знешнім светам. Да таго ж хворыя ўжо даўно не атрымліваюць неабходныя лекі. Галаўурач Наталля Уладзіміраўна Лясная кажа, што яны вельмі дарагія.
Яна вельмі абураная, што да яе ўстановы прыцягнутая пільная ўвага грамадства. У яе нават не знайшлося словаў падзякі віцебскім актывістам за тое, што тыя аказалі дапамогу хворым.
Нагадаем, што інвалід другой групы Валер Ганчарэнка, хворы на адкрытую форму сухотаў, які ў нашай “сацыяльнай краіне” не можа атрымаць годнага лекавання, гатовы прынесці сябе ў ахвяру замест “бязвінна асуджаных “віцебскіх тэрарыстаў”. Па яго словах, ён не можа больш існаваць у такіх умовах.
12 снежня ён абвясціў галадоўку і адмовіўся ад прыёму медыкаментаў. На восьмы дзень галадоўкі ён быў змешчаны ў псіхіятрычнае аддзяленне. 28 снежня віцебскія актывісты і прадпрымальнікі перадалі гуманітарную дапамогу пацыентам Багушэўскага абласнога сухотнага шпіталю. У склад дапамогі ўвайшлі бялізна, вопратка (у тым ліку курткі, майкі, шкарпэткі), абутак, прадукты харчавання (30 кілаграмаў мандарынаў, столькі ж яблыкаў, 20 кілаграмаў печыва, 10 кілаграмаў цукерак), невялікая бібліятэка з 41 кнігі твораў на хрысціянскую тэматыку і зборнікаў вершаў Уладзіміра Некляева. У адказ Валера Ганчарэнку пачалі ўзмоцнена калоць заспакойлівыя прсіхатропныя рэчывы.