Народны дэпутат з Ашмяншчыны змагаецца за правы сялянаў

11 студзеня 2012 16:45  |  Грамадства

Народны дэпутат з вёскі Міхайлоўшчына ў Ашмянскім раёне, сябар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павал Кулак бароніць правы сялянаў у дачыненнях з мясцовымі ўладамі.

 

Гэтак, ён звяртаецца ў сельсавет, каб сялянам вылучылі дадатковую пашу для выпасу кароваў, бо, паводле закону, на кожную сялянскую карову павінна прыходзіцца 0,8 га, але ў Міхайлоўшчыне гэты памер у 3-4 разы меншы.

 

Таксама Павал Кулак адзначыў, што спрабуе дамагчыся ад мясцовых уладаў, каб быў унармаваны прыём у сялянаў малака. Паводле яго словаў, зборшчыкі малака часцяком робяць прыпіскі, памяншаючы тлушч у малацэ чужых кароваў і павялічваючы яго ў малацэ сваіх. У выніку сяляне не далічваюцца значных сумаў грошаў.

 

Апроч таго актывіст распавёў, што змагаецца з тым, што ўвосень у жыхароў Міхйлоўшчыны не хочуць прымаць яблыкі.

 

За сваю актыўнасць Павал Кулак неаднаразова сутыкаўся з ціскам з боку райвыканкаму і сельсавету, а два гады таму ў яго перасталі браць малако, з-за чаго давялося прадаць адну з кароваў.

Болей навін