Сталі вядомыя новыя факты ціску на заснавальнікаў БХД

12 студзеня 2012 10:09  |  Галоўныя навіны

Улады Беларусі працягваюць аказваць ціск на заснавальнікаў Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Сёння сталі вядомыя новыя факты рэпрэсій супраць актывістаў БХД.

 

Так, студэнтку Інстытута культуры Коваль Альвіну выклікалі да прарэктара, але замест яго дзяўчыну сустрэў “адказны за юрыдчыныя пытанні прадстаўнік Менгарвыканкаму Сяргей Анатольевіч”, які адмовіўся назваць сваё прозвішча. На працягу 2,5 гадзін ён размаўляў са студэнткай, пасля чаго ўзяў ад яе тлумачэнні, як яна прыйшла ў БХД і чаму вырашыла стаць заснавальніцай. “Сяргей Анатольевіч” таксама папярэдзіў дзяўчыну пра адказнасць за агалошванне інфармацыі пра размову. Адмовы ад свайго подпісу студэнтка не пісала.

 

Некалькіх заснавальнікаў БХД з Кобрына выклікалі ў мясцовы райвыканкам, дзе іх таксама прымушалі адклікаць подпісы. Разам з тым ніхто з іх гэтага не зрабіў.

 

Апроч гэтага Марыне Рудкоўскай, студэнтцы адного з менскіх інстытутаў, якая прапісаная ў Лідзе, тэлефанавалі дадому бацькам людзі, якія прадставіліся супрацоўнікамі КДБ. Яны запужвалі бацькоў, заяўляючы, што ў іх і іх дачкі будуць праблемы, калі яна не выйдзе з БХД.

 

Да таго ж дактароў 9-й менскай бальніцы выклікалі да адміністрацыі, дзе ім пагражалі праблемамі ажно да звальнення, калі яны не адмовяцца ад сваіх подпісаў.

 

Нагадаем, што гэта ўжо не першыя спробы ўціску заснвальнікаў БХД. Раней падобныя факты мелі месца ў Менску, Нароўлі і Мёрскім раёне. Актывістам пагражалі праблемамі з працай, законам, а таксама фізічнай расправай.

 

Ціск на заснавальнікаў БХД у гэты раз найбольшы за ўсе папярэднія спробы рэгістрацыі партыі. Аргкамітэт БХД нагадвае пра немінучую крымінальную адказнасць кожнага, хто чыніць падобныя дзеянні, бо яны парушаюць законы і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Ніхто з заснавальнікаў БХД, якія падвяргаліся ціску, ад сваіх подпісаў не адмовіўся. Дадзеныя факты вядуць да эскалацыі сацыяльнага напружання ўнутры краіны. Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя інфармуе міжнародную супольнасць пра ўсе спробы ўціску. Дадзеныя факты не застануцца не заўважанымі.

Болей навін