Віталь Рымашэўскі: ЕС важна захаваць цвёрдую пазіцыю

12 студзеня 2012 19:36  |  Палітыка

У Страсбургу на пасяджэнні Палітычнага камітэта Еўрапарламента абмяркоўваецца палітыка Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі і магчымасць уздзеяння на афіцыйны Менск. Экс-кандыдат у прэзідэнты, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі распавядае ў інтэрв’ю Euramost.org, якая, на яго думку, еўрапейская палітыка павінна сёння праводзіцца ў дачыненні да Беларусі.

Пасяджэнне камітэта Еўрапарламента праходзіць у рамках падрыхтоўкі да студзеньскай пленарнай сесіі Еўрапарламента. Сярод прысутных – кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора, а таксама члены рабочай групы Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, якую ўзначальвае польскі дэпутат Яцэк Пратасевіч. Паводле звестак прэс-службы Еўрапарламента, акрамя беларускага пытання паліткамітэта плануе абмеркаваць адносіны ЕЗ з Сербіяй і Турцыяй.

Як раней паведамляў БелаПАН, на пасяджэнні Еўрапарламента 13 снежня вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан заявіла: Еўрасаюзу неабходна працягнуць ціск на ўрад Беларусі ў сувязі з рэпрэсіямі, якія працягваюцца ў краіне, а таксама ўзмацніць падтрымку беларускіх прыхільнікаў дэмакратыі. “Эканамічны крызіс, які працягваецца, не павінен выкарыстоўвацца як падстава тымі, хто хоча аслабіць падтрымку правоў чалавека”, – падкрэсліла еўракамісар.

– Я лічу, што стратэгія, якую праводзіла Еўропа ў апошні час, – яна правільная, – кажа Віталь Рымашэўскі. – Але цяпер трэба ўзмацняць ціск, каб вызвалілі палітычных закладнікаў, а ў краіне выконваліся элементарныя правы чалавека. Гэта надзвычай важна напярэдадні маючых адбыцца парламенцкіх выбараў у Беларусі. Калі яны не пройдуць у свабоднай атмасферы, то гэта яшчэ на доўгія гады паставіць крыж на еўрапеізацыі Беларусі. Гэты год будзе вельмі важны. Ён пройдзе пад знакам бітвы за будучыню краіны. Еўрапейскім палітыкам трэба праявіць вытрымку. На жаль, сярод еўрачыноўнікаў пакуль няма аднадушнасці па беларускім пытанні, ёсць шэраг палітыкаў, якія спяшаюцца пралабіраваць інтарэсы беларускіх уладаў на Захадзе.

 

Пры гэтым, не схаваю, яны кіруюцца пасылам асобных беларускіх апазіцыянераў, сцвярджаючы, што жорсткая палітыка не дала вынік.

– А хіба адбылося наадварот?

– Я лічу, што вынік ужо ёсць. З турмаў вызваленыя каля 35 палітвязняў. А, калі б пазіцыя была яшчэ больш цвёрдай, то і астатнія ўжо выйшлі б на волю. Але ў той жа час, як мне здаецца, вельмі добра, што Еўрасаюз цалкам і беззваротна не зачыняе дзверы для Беларусі, прапаноўваючы ў абмен на дэмакратызацыю ўзаемавыгаднае эканамічнае супрацоўніцтва. Паўтаруся, у такой сітуацыі можна пажадаць еўрапейцам толькі вытрымкі. Спадзяюся, што Еўропа годна пройдзе гэта выпрабаванне.

– А як вы ставіцеся да тых, хто сцвярджае, што ва ўмовах расійскіх датацый Беларусі, Еўропа не мае ніякіх рычагоў ўздзеяння?

 – Гэта не так. Яна мае ўплыў, таму што ўлада не можа не разумець, наколькі стратэгічна важна і неабходна для існавання краіны і ўтрымання ўлады мець добрыя адносіны як з Усходам, так і з Захадам. Без гэтага нармальнае палітычнае і эканамічнае развіццё Беларусі проста немагчыма. Улада гэта выдатна разумее. Але ў той жа час не паказвае, што гэта яе цікавіць. Атрымліваецца добрая міна пры дрэннай гульні.

– Вы хочаце сказаць, што ўлада бляфуе, абыякава заяўляючы аб перспектывах дыялогу з Захадам?

– Безумоўна, гэта блеф. І пацверджаннем таму з’яўляюцца саступкі, якія ўлада рабіла і робіць пад ціскам Еўропы. І пагроза эканамічных санкцый іх моцна турбуе. У дадзенай сітуацыі ёсць тое, што ўлада кажа, і ёсць тое, што маем і бачым на самай справе. Я ўпэўнены, што сітуацыю можна змяніць да лепшага, калі захаваць цвёрдую пазіцыю.

Болей навін