На Unistar закрылі адзіную беларускамоўную праграму
Кіраўніцтва радыё Unistar пастанавіла зняць з эфіру праграму «Новая зямля» Віктара Сямашкі. Перадача выходзіла на хвалях 99,5FM ад 2005 году і была адзінай беларускамоўнай перадачай у эфірнай сетцы Unistar.
За чатыры гады існавання «Новай зямлі» выйшла ля 200 выпускаў, прысвечаных беларускай альтэрнатыўнай культуры. Яе аўтар, супрацоўнік радыё Unistar Віктар Сямашка кажа, што тэмай бліжэйшай «Новай зямлі» мусіла стаць трасянка: «Хацеў зрабіць праграму ў гумарыстычным рэчышчы, распавесці колькі людзей карыстаюцца ў нас беларускай мовай, а колькі — трасянкай, паставіць адпаведныя песні». Але гэты выпуск так і не выйдзе ў эфір. Кіраўніцтва станцыі паведаміла вядучаму, што праграма здымаецца ў сувязі са зменай эфірнай палітыкі.
Цікава, што гэтае рашэнне Unistar супала з папярэджаннем, што вынесла Міністэрства інфармацыі іншай беларускай станцыі — «Аўтарадыё» за «невыкананьне творчай канцэпцыі вяшчання». За некалькі дзён да гэтага чыноўнікі цікавіліся праграмай «Еўрапейскага радыё для Беларусі», што выходзіла на хвалях «Аўтарадыё».