Сяргей Каваленка адзначае свой дзень народзінаў за кратамі, галадуючы 29 дзень

16 студзеня 2012 08:55  |  Палітыка

Актывіст КХП-БНФ, 15-ы палітвязень Сяргей Каваленка 16 студзеня адзначае свой дзень народзінаў за кратамі ў СІЗА Віцебска. Пры гэтым сёння спаўняецца 29 дзён з таго моманту, як актывіст распачаў галадоўку супраць незаконнага яго пераследу з боку ўладаў.

 

Як адзначыла прэсавай службе БХД маці Сяргея Каваленкі, Лідыя Ўладзіміраўна, якая бачыла сына апошні раз на судзе 12 студзеня, стан яго здароўя пакідае жадаць лепшага: твар шэры з жоўтымі плямамі, сам ён схуднелы. “Дактары ж кажуць, што з ім усё добра, але гэта не так. Усе яны: і міліцыя, і дактары, і суддзя – усе за адно”, – падкрэсліла Лідыя Каваленка.

 

Нагадаем, што Сяргей Каваленка знаходзіцца ў следчым ізалятары, куды быў змешчаны, пакуль ідзе следства па крымінальнай справе паводле артыкула 415 “Ухіленне ад адбывання пакарання”.  З лета 2010 года Сяргей Каваленка знаходзіцца на “хатняй хіміі” за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй елцы. Парушэнні рэжыму – гэта вяртанне  дахаты пазней вызначанага часу, а таксама некалькі адміністрацыйных справаў, распачатых супраць Каваленкі падчас яго ўмоўнага пакарання.У выніку абвінаваўчага прысуду актывіст можа быць зняволены на тры гады, стаўшы такім чынам чарговым беларускім палітвязнем.

 

Сям’я Сяргея Каваленкі пазбаўлена сродкаў да існавання. У актывіста двое дзяцей, а жонка знаходзіцца ў адпачынку па догляду за паўгадовай дачкой. Сям’ю забяспечваў Сяргей Каваленка, працуючы прыватным прадпрымальнікам. Публікуем абноўлены рахунак, на які можна пералічыць сродкі, для падтрымкі сям’і актывіста:

 

ААТ “АСБ Беларусбанк”, Аддзяленне № 200-140, вул. Смаленская 9А, г.Віцебск   –    01064749

 

Рахунак адкрыты на Каваленку Лідыю Ўладзіміраўну (да патрабавання)

Болей навін