Нягледзячы на спыненьне рэгістрацыі БХД, улады працягваюць ціснуць на яе заснавальнікаў

19 студзеня 2012 18:54  |  Палітыка

Нягледзячы на тое, што ўлады 19 студзеня заявілі аб нерэгістрацыі Партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя”, ціск на яе заснавальнікаў не спыніўся. Пра гэта прэсавай службе БХД распавёў чарговая ахвяра рэпрэсій, сябар БХД Антось.

 

“Сёньня, 19 студзеня, на сьвята Вадохрышча, я прыйшоў у дэканат Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута, у якім завочна вучуся на 4 курсе. Недзе за тыдзень мне тэлефанавалі “з дэканату” (дакладней, тэлефанавала і дэоляг інстытута, якая наўмысна не паведаміла, што гэта яна) і прасілі падыйсьці з прычыны “аднога пытаньня”… Пра пытаньне таксама не было сказана ані слова”, – адзначыў актывіст.

 

“Нарэсьце я прыйшоў. Дзесьці каля 40 хвілінаў ідэоляг, яшчэ сусім маладая й прыгожая жанчына, даводзіла мне, што дзеля ладу й міру, а таксама каб не было бяды, я павінен адмовіцца ад подпісу заснавальніка партыі, або хаця сказаць, што я яго ставіў пад прымусам, у нецьвярозым стане ці неабдумана (“Ты толькі прызнай, што неабдумана”. “А ці рад быў бы ты, калі б мог закрэсьліць гэты свій подпіс?” і г. д. ). У самых-самых розных варыяцыях яна заяўляла, што ”эці вірхушкі ф парціі нажываюцца” й да т. п. Я сказаў, што нашыя вярхушкі ці сядзелі, ці сядзяць, адмовіцца ад подпісу не магу, я мужчына і павінен паважаць свае погляды. На паўрытарычнае пытаньне “чаго мне не хапае” я адказваў, што занадта шмат маны й несправядлівасьці ў нашым грамадзтве й мне не хапае праўды й справядлівасьці”, – распавёў Антось.

 

“Дарэчы, пачынаўся наш дыялёг зь ідэолягам зь неадназначнай пагрозы зь ейнага боку, завяршаўся—просьбамі “пайсьці на кампраміс”, “падумаць пра сваю будучыню”. Ня грозьбай, дык просьбай”, – падкрэсьліў ён.

 

“Па яе словах, прычына выкліку мяне ў кабінэт—праверкі зь мінюста. І, ведаеце, самае непрыемнае тое, што “тузаць” мяне пачалі акурат пасьля тога, як я заплаціў за сэсыю… Заплаціў — будзь здароў. Брыдка, прыкра, непрыемна. Я не вінавачу гэтую жанчыну, не жадаю ёй нічога ліхога, проста я хачу, каб людзі ведалі, што такое наш шызафрэнічны рэжым. Хай ведаюць усе”, – дадаў актывіст.

Болей навін