Пастар царквы “Новае жыццё” сустрэўся з жонкамі палітвязняў

23 студзеня 2012 07:31  |  Грамадства

У канцы мінулага тыдня адбылася сустрэча пастара царквы «Новае Жыццё» Вячаслава Ганчарэнкі з жонкамі і маці асуджаных пасля падзей 19 снежня 2010 або ў сувязі з праваабарончай дзейнасцю. Многія праваабарончыя арганізацыі называюць гэтых людзей «вязнямі сумлення» або «палітвязнямі».

Сустрэча адбылася пасля адкрытага звароту жанчын праз сродкі масавай інфармацыі да кіраўнікоў хрысціянскіх канфесій. У звароце ўтрымлівалася просьба аб дапамозе ў сувязі з тым, што іх мужы (сыны) асуджаныя без віны.

На сустрэчы прысутнічалі жанчыны, мужы або сыны якіх асуджаныя да доўгіх тэрмінаў зняволення.

Адамовіч Марыя – жонка былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча;
Бандарэнка Вольга – жонка Змітра Бандарэнки, каардынатара кампаніі «Еўрапейская Беларусь», памочніка Андрэя Саннікава;
Лобава Марына – маці Эдуарда Лобава, кіраўніка менскай філіі «Маладога фронту»;
Пінчук Наталля – жонка Алеся Бяляцкага, кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна”;
Палажанка Наста – нявеста Змітра Дашкевіча, лідэра «Маладога фронту»;
Саннікава Ала Уладзіміраўна – маці былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава;
Франкевіч Таццяна – маці Аляксандра Франкевіч, асуджанага за акцыю супраць КДБ.

Па словах жанчын, многія зняволеныя пазбаўленыя права на перапіску, права на дапамогу адваката, у некаторых рэзка пагоршылася здароўе.

Жонкі і маці вязняў прасілі пастара Вячаслава аб духоўнай падтрымцы для іх і іх мужчын, цікавіліся асаблівасцямі пратэстанцкага веравызнання.

Вячаслаў Ганчарэнка даў адказ на ўсе пытанні, а таксама адзначыў, што пакліканне царквы – адказваць на патрэбу ўсіх, хто знаходзіцца ў цяжкім становішчы. У канцы сустрэчы пастар памаліўся аб дараванні зняволеным сіл вынесці цяжкае выпрабаванне, пра іх як мага больш хуткае вызваленне, аб Божай міласці для сем’яў, якія перажываюць расстанне з блізкімі.

Болей навін