БХД абвесціла 2012 годам памяці Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага

25 студзеня 2012 15:55  |  БХД

Нацыянальная Рада БХД 21 студзеня абвесціла ў межах БХД 2012 год годам памяці айцоў заснавальнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага.

 

На паседжанні Нацыянальнай Рады быў створаны аргкамітэт ушанавання іх памяці, які плануе з прыцягненнем шырокай беларускай грамадскасці ініцыяваць і правесьці цягам гэтага году ў Менску і іншых мясцінах Беларусі, а таксама ў Вільні і Варшаве, шматлікія мемарыяльныя мерапрыемствы.

У 2012 годзе споўнілася 120 год з дня нараджэння заснавальніка БХД, грамадскага, палітычнага і рэлігійнага дзеяча, гісторыка, пісьменніка, выдаўца, пакутніка ГУЛАГу ксяндза Адама Станкевіча (6.01.1892 – 29.11.1949). Таксама ў канцы гэтага году споўніцца 70 год з дня пакутніцкай смерці ад рук гітлераўскіх карнікаў іншага айца-заснавальніка БХД, грамадскага і палітычнага лідэра, перакладчыка Новага Запавету на беларускую мову, ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага (16.11.1898 – 24.12.1942). Сярбы БХД вырашылі належным чынам ушанаваць памяць нашых выбітных папярэднікаў. 

У прыватнасці, напрацягу 2012 года прапаноўваецца правесці наступныя мерапрыемствы:

– Канферэнцыі, прысвечаныя Адаму Станкевічу (канец траўня 2012 г.) і Вінцэнту Гадлеўскаму (канец снежня 2012 г.);

 

– Экскурсіі па месцах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага;

– Стварыць мультымедыя прэзэнтацыі і ініцыяваць здымкі відэа-фільмаў, прысвечаных жыццю, дзейнасці і спадчыне нашых выбітных папярэднікаў;

 

– Праводзіць цягам года прысвечаныя Станкевічу і Гадлеўскаму лекцыі, сустрэчы і канцэрты ў Менску і ў іншых месцах Беларусі, найперш звязаных з іх жыццём і дзейнасцю;

– Разам з беларускімі мастакамі правесці мастацкія пленэры, ініцыяваць стварэнне і ўсталяванне памятных знакаў, прысвечаных Адаму Станкевічу і Вінцэнту Гадлеўскаму;

– Ініцыяваць кампанію па пераназванні вуліцаў, якія носяць імёны камуністычных катаў, у вуліцы Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага ў Менску, Крэве, Ашмянах, Слоніме і іншых мястэчках;

 

– Правесці інтэрнэт-кампанію ў сацыяльных сетках па запрашэнні на ўсе мерапрыемствы года памяці Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага;

 

– Ініцыяваць і замаўляць малітвы і імшы ў касцёлах за Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага.

 

БХД заклікае ўсіх неабыякавых людзей далучацца да працы аргкамітэту па ўшанаванні памяці Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага. Па ўсіх пытаннях на гэты конт можна звяртацца па тэлефоне 8-029-571-26-11 (МТС).

Болей навін