Віталь Рымашэўскі: наяўнасць двух сцэнароў – сапраўдная параза

27 студзеня 2012 09:19  |  Галоўныя навіны

У чацвер, 27 студзеня, так званая “кааліцыя шасці” працягнула кансультацыі па пытанні фармату свайго ўдзелу ў будучых парламенцкіх выбарах. Пра тое, з чым на гэтую сустрэчу прыйшла «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», карэспандэнт www.Euramost.org даведаўся ў сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі Віталя Рымашэўскага.

– У сваіх каментарах www.Euramost.org палітыкі, якія прадстаўляюць розныя партыі і рухі, казалі пра тое, што ёсць некалькі варыянтаў таго, як апазіцыі дзейнічаць на парламенцкіх выбарах. А якую стратэгію дзеянняў падтрымліваеце вы?

– У нас ёсць свой сцэнар і нам здаецца, што менавіта гэты сцэнар з’яўляецца аптымальным і адзіным рэальным сцэнарам, які можна рэалізаваць у нашых беларускіх умовах. Сутнасць яго ў ультыматуме улады. У ім утрымлівацца патрабаванні аб вызваленні палітычных зняволеных і правядзенні дэмакратычных рэформаў. Хоць бы на ўзроўні падліку галасоў. Калі зняволеныя выходзяць на свабоду і нам даюць зразумець, што ў камісіі будуць уключаць прадстаўнікоў дэмакратычных партый, грамадзянскай супольнасці, тады ёсць сэнс удзельнічаць у кампаніі. Выбарамі я гэта ўсё роўна не назаву. Але ўдзельнічаць у палітычнай кампаніі тады трэба. І трэба заставацца ў ёй да дня галасавання, каб выбаршчыкі мелі магчымасць зрабіць свой выбар.

Калі ж улада не ідзе на гэтыя крокі да пэўнага часу, то тады пачынаецца кампанія актыўнага байкоту. «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» на сваёй апошняй радзе вырашыла, што крайні тэрмін мы беларускім уладам даем – да 25 сакавіка.

Цяпер на сустрэчах «кааліцыі шасці» разглядаюцца розныя сцэнары нашых паводзінаў на выбарах, але асабіста для мяне прыярытэтам з’яўляецца захаванне адзінства дэмакратычных сілаў. Перш за ўсё, мы павінны памятаць, што мы прадстаўнікі не таталітарных, а маральных рэжымаў – мы дэмакраты. І я лічу, што немагчыма, каб людзі галасавалі за так званых незалежных кандыдатаў, калі за кратамі сядзяць палітвязні! Гэта ў нас на першым месцы ў прыярытэтах. А на другім – аб’яднанне дэмакратычных сіл. Мы не павінны паўтараць памылак, якія мы рабілі апошнія 10 гадоў. Калі мы самі сябе дыскрэдытавалі, калі апазіцыянеры публічна сварыліся. І калі цяпер у нас будзе два сцэнары, адзін – за радыкальны байкот, другі – за поўны ўдзел у выбарах, вось гэта будзе сапраўдная параза на наступных выбарах.

Цяпер у нас праходзіць дыскусія. І прынцыповых адрозненняў у пазіцыі іншых удзельнікаў кааліцыі шасці з праграмай БХД няма. Ідзе размова аб тактыцы, хутчэй, аб тэхнічным выкананні. Напрыклад, калі гэты гадзіну пік павінна ўстанавіць для ўлады і так далей.

– Як вы лічыце, ці хопіць сёння ў апазіцыі сіл на правядзенне дзейснай кампаніі актыўнага байкоту выбараў?

– Я лічу, што ў беларускіх дэмакратычных сіл дастаткова рэсурсаў для правядзення дзейснай, поўнамаштабнай палітычнай кампаніі 2012 года. Але ўмовай паспяховасці гэтай кампаніі з’яўляецца адзінства дэмакратычных сіл, агульны сцэнар. І каб мы не падыгрывалі рэжыму, а змагаліся за свабоду, дэмакратыю, свабодныя выбары і вызваленне палітвязняў. І калі адзінства будзе, і будзе гэта адзінства ў сумесных дзеяннях, то ў нас атрымаецца ўсё задуманае. А гэта – свабодныя выбары ў перспектыве. Таму, я лічу, што не важна, у якой форме кампанія будзе праводзіцца – байкот гэта будзе ці ўдзел. Галоўнае – каб нашы ўмовы былі выкананыя. Удзел без выканання гэтых умоў – гульня на баку ўлады.

– У выпадку ўдзелу ў выбарах – як будзеце паміж сабой дзяліць выбарчыя акругі?

– Як раз ткі вакол гэта пытання спрэчак не будзе! Зараз у Гомелі ўсе дэмакратычныя сілы працуюць разам. І гэта – прыклад нам усім. Яны там паміж сабой акругі падзялілі без усякіх праблем, і вядуць там актыўную працу з насельніцтвам. Людзям распавядаюць аб умовах, якія апазіцыя плануе выставіць ўлады, пра тое, як у рэчаіснасці ў нас праходзяць выбары. Людзі працуюць. І ніхто не пасварыўся, «дзелячы» акругі. Думаю, і для нас гэта будзе самым простым. Калі да гэтага дойдзе.

Болей навін